Аршанскія школьнікі прадставяць краіну на Міжнароднай моладзевай экалагічнай канферэнцыі ў Берліне
Аршанскія школьнікі адзіныя з нашай краіны возьмуць удзел у III Міжнароднай моладзевай экалагічнай канферэнцыі, якая пройдзе 8-9 красавіка ў Германіі.
200 прэтэндэнтаў з усяго свету ўдзельнічалі ў даследчым конкурсе, які трэці раз праводзіў Інстытут Гётэ ў рамках праекта «Школа за экалогію: думаць, даследаваць, дзейнічаць!». Старшакласнікі аршанскай СШ №20 увайшлі ў дзясятку пераможцаў і прадставяць Беларусь у Берліне нароўні з Германіяй, краінамі Лацінскай Амерыкі, Камерунам, Расіяй, Украінай, Арменіяй, Таджыкістанам, Грузіяй і Азербайджанам.
Журы ў складзе прадстаўнікоў Міністэрства навукі, даследаванняў і культуры федэральнай зямлі Брандэнбург, Вольнага ўніверсітэта Берліна, Брэменскага ўніверсітэта, Вышэйшай школы педагагікі сельскай гаспадаркі і навакольнага асяроддзя Вены, Брандэнбургскага тэхнічнага ўніверсітэта Котбус-Зенфтэнберг высока ацаніла ўклад юных аршанскіх даследчыкаў у абарону навакольнага асяроддзя і зацікавілася іх праектам.
На працягу 8 месяцаў, з красавіка па лістапад 2016 года Яна Енушэўская, Крысціна Васіленка, Наталля Галаенка, Таміла Гут, Елізавета Ляснеўская пад кіраўніцтвам настаўнікаў нямецкай мовы і біялогіі Алены Камашук і Наталлі Лазарэвіч шукалі адказ на пытанне «Пра што маўчаць хваёвыя дрэвы?». Менавіта ён лёг у аснову даследчай работы, якую школьнікі правялі з дапамогай спецыялістаў Аршанскага лясгаса. Прычыны засыхання елкі і сосны не толькі на тэрыторыі горада, але і ў лесе высвятлялі юныя эколагі, а пасля распрацоўвалі меры па іх ліквідацыі.
– У выніку праведзенай карпатлівай працы мы ўстанавілі, што ў горадзе сасна і елка гінуць з-за забруджвання навакольнага асяроддзя, у большай ступені паветра, – распавядае дзевяцікласніца Яна Енушэўская. – А ў лесе елка пакутуе з-за шкоднага жука-караеда. Для паляпшэння экалагічнай сітуацыі мы прапанавалі пераход на экалагічны від транспарту і жорсткі кантроль за аўтамабільнымі выкідамі, адмову ад высечкі здаровых дрэў у лесе да навагодніх святаў, своечасовыя санітарныя высечкі і больш інтэнсіўнае аднаўленне лясоў. Дарэчы, смецце ў лесе – таксама адна з прычын распаўсюджвання шкоднікаў. Разам з ляснічымі мы ўжо пачалі вырабляць спецыяльныя пасткі для жука-караеда.
Дарэчы, дзякуючы энтузіязму Наталлі Лазарэвіч, СШ №20 – адзіная ў раёне, якая цесна супрацоўнічае з лясгасам, і члены школьнага лясніцтва становяцца студэнтамі ВНУ лесагаспадарчай накіраванасці.
– У межах праекта дзеці ўдзельнічалі ў акцыях па высадцы дрэў, майстравалі штучныя елкі, станавіліся экскурсаводамі школьнага экалагічнага музея, дзе распавядалі аднагодкам пра захаванасць лясоў, – кажа Алена Камашук. -- Усе даследаванні мы аформілі на нямецкай мове, падрыхтавалі тэатралізаваную абарону і агітацыйны плакат, які будзе ацэчвацца асобна. У Берліне выберуць лепшую працу сярод адзінаццаці прэтэндэнтаў з розных краін.
Характэрна, што сама ініцыятыва «Школа за экалогію: думаць, даследаваць, дзейнічаць!» адзначана знакам якасці «Праект у сферы ўстойлівага развіцця – 2017» Савета па ўстойлівым развіцці. Такі знак прысуджаецца праектам, якія робяць свет больш экалагічным, сацыяльна арыентаваным.
ВОЛЬГА ЛЕБЕДЗЕВА, "Віцебскія весці", фота са школьнага архіва.