Аршанскі авіярамонтны завод прайшоў сертыфікацыю па расійскіх федэральных правілах
7 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. РУП "Аршанскі авіярамонтны завод" паспяхова прайшло працэдуру сертыфікацыі па расійскіх федэральных авіяцыйных правілах ФАП-145Р на права выканання капітальнага рамонту верталёта МІ-8, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар завода Уладзімір Троіцкі.
Атрыманне расійскага сертыфіката адбудзецца ў бліжэйшы час. Як лічыць Уладзімір Троіцкі, дакументальнае пацвярджэнне высокай кваліфікацыі дазволіць прадпрыемству прыцягнуць заказы з Расійскай Федэрацыі. Ужо з новым сертыфікатам завод прыме ўдзел у 2-й міжнароднай выстаўцы верталётнай індустрыі ў Маскве HeliRussia-2009 з 21 па 23 мая.
Узмацненне работы на рынку краін Усходняй Еўропы з'яўляецца адным з прынцыпаў маркетынгавай палітыкі Аршанскага авіярамонтнага завода. Многія дробныя прыватныя авіякампаніі, якія маюць у сваім парку верталёты савецкай вытворчасці, імкнуцца правесці рамонт у максімальнай блізкасці ад сваёй тэрыторыі і тым самым зэканоміць на транспартных выдатках.
У студзені-красавіку бягучага года Аршанскі завод у 1,5 раза павялічыў аб'ём выконваемых авіярамонтных работ у асноўным за кошт замежных заказаў. Цяпер тут рамантуюць авіятэхніку з Латвіі і Мексікі. За 4 месяцы 2009 года тэмп росту таварнай прадукцыі на прадпрыемстве склаў 155%.
Аршанскі авіярамонтны завод створаны ў 1941 годзе. Спецыялізуецца на рамонце авіяцыйнай тэхнікі - верталётаў Мі-8, Мі-24 і іх мадыфікацый. Прадпрыемства з'яўляецца ўладальнікам сертыфіката Авіяцыйнага рэгістру Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэта, які сведчыць аб адпаведнасці завода патрабаванням Авіяцыйных правілаў, стандартаў і рэкамендацый ІКАО, міжнародных стандартаў ІСО 9000, а таксама правілаў JAR-145 і EAR-145.-0-