Аршанскі авіярамонтны завод стаў рэзідэнтам СЭЗ "Віцебск"

27 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод" зарэгістравана ў якасці рэзідэнта СЭЗ "Віцебск". Завод стаў першым прадпрыемствам, якое рэалізуе інвестыцыйны праект на новай пляцоўцы "Паўднёвая", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў адміністрацыі віцебскай СЭЗ. У новым статусе авіярамонтны завод плануе накіраваць больш за Br10 млрд. на рэалізацыю праекта па мадэрнізацыі вытворчасці і стварэнні новага слесарска-механічнага цэха. Інвестпраект таксама прадугледжвае рамонт капіталаёмістых вузлоў і агрэгатаў для верталётнай тэхнікі. У выніку прадпрыемства павысіць тэхналагічны ўзровень вытворчасці, значна абновіць асноўныя фонды высокапрадукцыйным абсталяваннем, пашырыць тэхнічныя магчымасці вытворчасці, а таксама істотна палепшыць умовы працы. У працэсе рэалізацыі праекта будзе створана каля 20 рабочых месцаў, больш за 30 існуючых рабочых месцаў будуць мадэрнізаваны. Пляцоўка "Паўднёвая" ўключае сектары "Паўночны прамысловы вузел" (Орша), "Лёс" (Барань) і "Авіярамонтны завод" (г.п.Балбасава) агульнай плошчай больш за 520 га. Павелічэнне плошчы СЭЗ "Віцебск" прадугледжана ўказам Прэзідэнта Беларусі №674 ад 24 снежня 2010 года. У выніку пашырэння межаў СЭЗ у яе склад увайшлі таксама сектары, размешчаныя ў Віцебску. Цяпер агульная плошча тэрыторыі гэтай свабоднай эканамічнай зоны складае больш за 2,1 тыс.га. Па ацэнцы спецыялістаў, новыя пляцоўкі СЭЗ валодаюць сур'ёзным інвестыцыйным патэнцыялам і дазволяць рэалізаваць цікавыя праекты з удзелам замежных інвестараў. Так, у гарадскім пасёлку Балбасава, дзе размешчаны Аршанскі авіярамонтны завод, створаны прыдатныя ўмовы для стварэння транспартна-лагістычнага цэнтра. Пляцоўка ў Барані, на якой размяшчаецца РУПП "Лёс", дазваляе ў перспектыве рэалізаваць высокатэхналагічныя праекты. Дадатковыя тэрыторыі ствараюць новыя магчымасці для размяшчэння ў СЭЗ інавацыйных, высокатэхналагічных і значных па аб'ёме прыцягваемых інвестыцый праектаў, даюць магчымасць вырашыць пытанні эфектыўнасці выкарыстання вытворчых пляцовак, павелічэння аб'ёмаў вытворчасці прадукцыі, нарошчвання экспартнага патэнцыялу, знізіць напружанасць на мясцовым рынку працы. СЭЗ "Віцебск" утворана ў жніўні 1999 года. Сёння ў СЭЗ рэалізуецца 38 інвестыцыйных праектаў. Больш за 60% рэзідэнтаў СЭЗ "Віцебск" з'яўляюцца сумеснымі і замежнымі прадпрыемствамі, створанымі з удзелам інвестараў з 15 краін, у тым ліку Германіі, Польшчы, ЗША, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Расіі, Канады, Галандыі і Ізраіля. Аснову прамысловага патэнцыялу СЭЗ складаюць прадпрыемствы, якія працуюць у сферы машынабудавання, харчовай, хімічнай, паліўнай і лёгкай прамысловасці.-0-