Аршанскі авіярамонтны завод у студзені-чэрвені павялічыў экспарт паслуг у 12 разоў
29 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Аршанскі авіярамонтны завод" у студзені-чэрвені бягучага года павялічыла экспарт паслуг у 12 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар завода Уладзімір Троіцкі.
Значны рост экспарту абумоўлены попытам на рамонт верталётнай тэхнікі. Цяпер прадпрыемства працуе не толькі на еўрапейскім рынку, дзе наладжаны даўнія партнёрскія сувязі, але і заваёўвае аўтарытэт надзейнага партнёра на Афрыканскім кантыненце і ў Паўночнай Амерыцы. Так, у Мексіцы працуе выязная брыгада аршанскіх авіярамонтнікаў, якія рамантуюць верталёты для мексіканскай жандармерыі. У гэтым годзе прадпрыемства ўжо падпісала кантракты на выкананне работ на агульную суму Br52 млрд, што ў 3 разы перавышае леташні паказчык.
Акрамя рамонту верталётаў Мі-8, Мі-24 і іх мадыфікацый, прадпрыемства ўпершыню асвоіла рамонт беспілотных лятальных апаратаў, а таксама вядзе работы па сертыфікацыі ўласнай вытворчасці лятальнай і іншай тэхнікі.
Аршанскі авіярамонтны завод створаны ў 1941 годзе. Цяпер РУП знаходзіцца ў стадыі акцыянавання. Завод з'яўляецца ўладальнікам сертыфіката Авіяцыйнага рэгістру Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэта, які сведчыць аб адпаведнасці Аршанскага авіярамонтнага завода патрабаванням авіяцыйных правілаў, стандартаў і рэкамендацый ІКАО, міжнародных стандартаў ІСО серыі 9000, а таксама правілаў JAR-145 і EAR-145. Акрамя таго, Аршанскі авіярамонтны завод мае сертыфікат Расійскіх федэральных авіяцыйных правілаў ФАП-145Р на права выканання капітальнага рамонту верталёта МІ-8.