Аршанскі авіярамонтны завод у студзені-верасні павялічыў экспарт паслуг у 2,5 раза
13 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. РВУ "Аршанскі авіярамонтны завод" па выніках работы за 9 месяцаў бягучага года аказала паслуг на экспарт на суму амаль Br3,9 млрд., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар завода Уладзімір Троіцкі.
Тэмп росту экспарту паслуг за студзень-верасень склаў 251,8% да аналагічнага перыяду мінулага года. Высокія тэмпы ўдасца захаваць не толькі да канца бягучага года, але і ў наступным годзе, упэўнены кіраўнік. Некалькі перспектыўных кантрактаў заключана з прыцягненнем беларускага спецэкспарцёра. Аршанскія авіярамонтнікі будуць выпускаць пад заказ некалькі сотняў навучальных мішэняў, правядуць работу па рамонце чатырох верталётаў Мі-24 для замежных партнёраў, працягнуць работу з мексіканскай федэральнай паліцыяй і для іх адрамантуюць чатыры верталёты Мі-17. Акрамя таго, па заказах замежных кампаній будуць выконваць дагаворы па рамонце асобных агрэгатаў авіятэхнікі.
РВУ "Аршанскі авіярамонтны завод" створана ў 1941 годзе. Цяпер на прадпрыемстве завяршаюцца работы па акцыянаванні. Завод з'яўляецца трымальнікам сертыфіката Авіяцыйнага рэгістра Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэта, які сведчыць аб адпаведнасці Аршанскага авіярамонтнага завода патрабаванням Авіяцыйных правіл, стандартаў і рэкамендацый ІКАО, міжнародных стандартаў ІСО серыі 9000, а таксама правіл JAR-145 і EAR-145. Акрамя таго, Аршанскі авіярамонтны завод мае сертыфікат Расійскіх федэральных авіяцыйных правіл ФАП-145Р на права выканання капітальнага рамонту верталёта Мі-8. На авіярамонтным заводзе працуюць больш за 500 чалавек. -0-