Аршанскі і Лёзненскі лясгасы адсочваюць сітуацыю з ляснымі пажарамі ў Смаленскай вобласці

6 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Аршанскі і Лёзненскі лясгасы адсочваюць сітуацыю з ляснымі пажарамі ў Смаленскай вобласці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў выканаючы абавязкі начальніка аддзела аховы і абароны лесу, палявання і паляўнічага турызму Віцебскага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання (ВВЛА) Аляксей Шапошнікаў. Супрацоўнікі Аршанскага лясгаса кантралююць сітуацыю з пажарам на тэрыторыі Краснянскага лесапрамысловага прадпрыемства (Смаленская вобласць) за 10-13 км ад мяжы. Плошча ачага ўзгарання складае каля 50 га. Да яго тушэння прыцягнуты супрацоўнікі МНС, мясцовай вайсковай часці, дастатковая колькасць тэхнікі. Яшчэ адзін буйны пажар зафіксаваны днём раней на тэрыторыі Руднянскага лясгаса. Па ўдакладненых даных, ён праходзіць за 30 км ад беларуска-расійскай мяжы. Першапачаткова з-за моцнага задымлення, якое распаўсюджвалася ў бок Лёзненскага раёна, меркавалася, што ачаг узгарання знаходзіцца значна бліжэй, адзначыў суразмоўца. "У цяперашні час гэтыя пажары не ўяўляюць пагрозы для Беларусі. Разам з тым у мэтах прадухілення пагаршэння сітуацыі вядзецца пастаянны кантроль, Лёзненскім і Аршанскім лясгасамі прымаюцца ўсе меры па недапушчэнні распаўсюджвання агню на тэрыторыю Беларусі", - падкрэсліў Аляксей Шапошнікаў.-0-