Аршанскі льнокамбінат асвойвае рынкі Японіі, Швейцарыі і Тайланда

4 лістапада, Мінск /Таццяна Чумакова - БЕЛТА/. РУПТП "Аршанскі льнокамбінат" сёлета пашырыў геаграфію экспарту: першыя партыі прадукцыі льнокамбіната адпраўлены ў Японію, Швейцарыю і Тайланд. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар прадпрыемства Уладзімір Несцярэнка. Паводле яго слоў, пакуль складана меркаваць, ці стануць гэтыя краіны пастаяннымі партнёрамі беларускага прадпрыемства, але Аршанскі льнокамбінат у гэтым зацікаўлены. Цяпер льнокамбінат пастаўляе прадукцыю больш чым у 30 краін. Сёлета прадпрыемству ўдалося захаваць аб'ём экспарту на леташнім узроўні, адзначыў гендырэктар. Праўда, у 2008 годзе ў параўнанні з 2007-м ён істотна скараціўся ў сувязі з сусветным фінансава-эканамічным крызісам. На думку Уладзіміра Несцярэнкі, прапанаваныя цяпер на беларускім рынку ільняныя вырабы не выклікаюць належнай цікавасці ў айчыннага пакупніка. У той жа час у многіх еўрапейскіх краінах ільняная адзежа карыстаецца вельмі высокім попытам. Гендырэктар тлумачыць недастатковы попыт беларускіх пакупнікоў на вырабы з лёну дзвюма прычынамі. Па-першае, беларусы, якія жывуць у краіне, дзе лён вырошчваецца з незапамятных часоў, успрымаюць лён як нешта звычайнае і стандартнае, у сувязі з чым выбар пры пакупцы часта падае на вырабы з іншых матэрыялаў. Па-другое, беларускія швейныя прадпрыемствы недастаткова працуюць са льном, з якога, як і з любой сыравіны, можна рабіць незвычайныя і прывабныя вырабы. На думку Уладзіміра Несцярэнкі, ільняная адзежа карысталася б у беларусаў большым попытам, калі б быў прадстаўлены больш разнастайны яе асартымент. Гендырэктар таксама адзначыў, што аб'ёмы сусветных продажаў лёну і вырабаў з яго моцна залежаць ад модных тэндэнцый, якія фарміруюцца штогод у вядомых дамах моды. Аршанскі льнокамбінат - адно з вядучых прадпрыемстваў лёгкай і тэкстыльнай прамысловасці Беларусі і краін СНД, утворана ў 1930 годзе. Выпускае больш за 30 млн. пагонных метраў гатовых ільняных тканін у год. Асноўны асартымент гатовай прадукцыі - разнастайная сталовая бялізна: абрусы, сурвэткі, ручнікі і іх камплекты; пасцельная бялізна: прасціны, навалачкі, прасцірадлы і камплекты; паўльняныя покрывалы. На тэрыторыі Беларусі працуе больш за 120 фірменных секцый прадпрыемства.-0-