Аршанскі льнокамбінат перайшоў на выпуск ахоўных масак

Буквальна на днях Аршанскі льнокамбінат цалкам перавёў вытворчасць на выпуск ахоўных масак: за дзень вырабляюць больш за 13 тысяч штук. Работа па пашыве гэтай неабходнай сёння прадукцыі вядзецца ў двухзменным рэжыме і без выхадных дзён. Задзейнічаны ўсе швачкі камбіната і работнікі, якія маюць навыкі швейных прафесій.

– Сёння мы выпускаем маскі некалькіх відаў, – распавядае намеснік генеральнага дырэктара Аршанскага льнокамбіната Сяргей Сідзін. – З медыяспану выпускаем аднаразовыя маскі. Таксама мы наладзілі выпуск ахоўных масак з нестэрыльнай баваўнянай марлі. Дарэчы, сыравіну для гэтых вырабаў сталі вырабляць на сваім жа прадпрыемстве. Яго выпуск давялося асвоіць у самыя сціслыя тэрміны. Цяпер будзем забяспечваць марляй не толькі свае патрэбы, але і запыты іншых прадпрыемстваў, якія займаюцца выпускам ахоўных масак. Сёння ў дзень вырабляем парадку 10 тысяч пагонных метраў марлевай тканіны.

Ш'юць на льнокамбінаце і маскі з ільняной тканіны. Гэтыя вырабы дадаткова камплектуюцца ахоўным бар'ерам на аснове ільнянога і баваўнянага валакна. Пачалі вытворчасць сувенірных масак са спецыяльнымі выявамі, якія, у першую чаргу, спадабаюцца дзецям і моладзі.

– Наша прадпрыемства цалкам перайшло на выпуск ахоўных масак, – кажа Сяргей Сідзін. – Паколькі аб'ём выпускаемай прадукцыі пастаянна павялічваецца, льнокамбінат запрашае на працу швачак, у тым ліку і пенсійнага ўзросту. Магчыма навучанне пашыву ахоўных масак для жадаючых працаўладкавацца. Аплата працы да 900 рублёў (з улікам выплат стымулюючага характару і падвойнай аплаты ў выхадныя дні). Іншагароднім прадастаўляецца інтэрнат. Звяртацца па тэлефонах: 8 (0216) 53- 05- 77 – аддзел кадраў льнокамбіната, 8 (0216) 54 -90- 21 упраўленне па працы.

"Аршанская газета".