Аршанскі льнокамбінат прадставіць на інвестыцыйным форуме ў Германіі праект па выпуску катальна
18 кастрычніка, Мінск /Таццяна Чумакова - БЕЛТА/. Рэспубліканскае унітарнае вытворча-гандлёвае прадпрыемства "Аршанскі льнокамбінат" прадставіць на інвестыцыйным форуме ў Франкфурце-на-Майне праект па вытворчасці катальна. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар канцэрна "Беллегпрам" Таццяна Пышкала.
"Праект Аршанскага льнокамбіната стане адным з трох буйных праектаў канцэрна на Беларускім інвестыцыйным форуме ў Германіі 17 лістапада", - распавяла прэс-сакратар. Выпуск катальна плануецца арганізаваць на вытворчых плошчах фабрыкі "Дняпро", якая ўваходзіць у склад прадпрыемства. Будзе праведзена рэканструкцыя вытворчых будынкаў, збудаванняў і інжынерных сетак, закуплена і ўстаноўлена лінія катанізацыі. Па папярэдніх падліках, на выкананне ўсіх мерапрыемстваў па арганізацыі выпуску катальна спатрэбіцца больш за 7 млн. еўра.
Праект плануецца ажыццявіць, стварыўшы сумесны прадпрыемства з удзелам замежнага капіталу з доляй удзелу Аршанскага льнокамбіната 54%, інвестара - 46%. Пры гэтым інвестар, уклаўшы свае фінансавыя сродкі ў стварэнне СП, атрымае права на даход ад вытворчасці і рэалізацыі катальна ў памеры 50%. Тэрмін акупнасці праекта - 4 гады.
Аб'ём перапрацоўкі кароткага льновалакна складзе каля 7 тыс. т у год, аб'ём выпуску катальна - 5,3 тыс. т. Гадавы эканамічны эфект - 563 тыс. еўра, прыбытак - 920 тыс. еўра штогод. Патэнцыйныя спажыўцы катальна - краіны Еўрасаюза і КНР. З адходаў ад вытворчасці катальна (пыл, трэска) будуць вырабляцца паліўныя брыкеты.
Катальна можа выкарыстоўвацца для выпрацоўкі пражы, пры вытворчасці нятканых матэрыялаў, медыцынскай і тэхнічнай ваты, мэблі, лінолеўма, у будаўніцтве ў якасці ўцяпляльніка, у аўтамабілебудаванні як шумаізалятар і для вырабу ўнутранай абшыўкі салона, як напаўняльнік пры вытворчасці мяккага інвентара, спецадзення.
Аршанскі льнокамбінат - адно з вядучых прадпрыемстваў лёгкай і тэкстыльнай прамысловасці Беларусі і краін СНД, утворана ў 1930 годзе. Выпускае больш за 30 млн. пагонных метраў гатовых ільняных тканін у год, разнастайную сталовую і пасцельную бялізну, паўльняныя пакрывалы. На тэрыторыі Беларусі працуюць больш за 120 фірменных секцый прадпрыемства.-0-