Аршанскі льнокамбінат у 2011 годзе мае намер павялічыць экспарт у Японію
24 лютага, Мінск /Таццяна Чумакова - БЕЛТА/. РВУП "Аршанскі льнокамбінат" можа павялічыць у 2011 годзе экспарт у Японію, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар канцэрна "Беллегпрам" Таццяна Пышкала.
Такім быў вынік перамоваў паміж прэзідэнтам японскай кампаніі "ЭнБіАр Ко. Лтд." Сёга Фурусава і намеснікам старшыні канцэрна "Беллегпрам" Людмілай Цягловай, якія адбыліся ў Мінску 23 лютага. У перамовах таксама прынялі ўдзел намеснік генеральнага дырэктара РВУП "Аршанскі льнокамбінат" Валерый Шастакоў, спецыялісты канцэрна і прадстаўнік маскоўскага офіса японскай кампаніі Таццяна Шыракова.
Японская кампанія выказала зацікаўленасць у павелічэнні паставак тканін з катонізіраванага льновалакна вытворчасці Аршанскага льнокамбіната. Улічваючы, што гэтая прадукцыя карыстаецца павышаным попытам, аб'ёмы паставак бакі ўзгодняць дадаткова.
Аршанскі льнокамбінат і "ЭнБіАр Ко. Лтд" супрацоўнічаюць з 2009 года. Японская кампанія закупляе ў беларускага прадпрыемства ільняныя тканіны, хатні тэкстыль (пасцельную і кухонную бялізну). У 2009 годзе па кантракце з кампаніяй "ЭнБіАр Ко. Лтд" у Японію было экспартавана ільняной прадукцыі прыкладна на $17 тыс., у мінулым годзе - прыблізна на такую ж суму. Улічваючы станоўчы досвед супрацоўніцтва, канцэрн "Беллегпрам" і РВУП "Аршанскі льнокамбінат" маюць намер развіваць супрацоўніцтва з японскімі партнёрамі і павялічваць экспарт у Японію.
У 2010 годзе прадпрыемствы канцэрна "Беллегпрам" павялічылі экспарт прадукцыі на 25,1% да $620,3 млн. Пры гэтым адгрузкі ў краіны СНД у мінулым годзе выраслі на 29,1% да $531,1 млн., у тым ліку ў Расію - на 28,9% да $495,5 млн. Пастаўкі ў краіны далёкага замежжа выраслі на 5,8%. Станоўчае сальда склала $181,5 млн. Па выніках 2010 года прадукцыя прадпрыемстваў канцэрна пастаўлялася ў 57 краін. У бягучым годзе канцэрн плануе павялічыць пастаўкі на знешнія рынкі на 20%.
Аршанскі льнокамбінат - адно з вядучых прадпрыемстваў лёгкай і тэкстыльнай прамысловасці Беларусі і іншых краін СНД, утворана ў 1930 годзе. Выпускае больш за 30 млн. пагонных метраў гатовых ільняных тканін у год. Асноўны асартымент гатовай прадукцыі - разнастайная сталовая бялізна: абрусы, сурвэткі, ручнікі і іх камплекты; пасцельная бялізна: прасціны, навалачкі, прасцірадзіны і камплекты; паўльняныя покрывалы. На тэрыторыі Беларусі працуе больш за 120 фірменных секцый прадпрыемства.-0-