Аршанскі льнокамбінат у І квартале павялічыў экспартныя пастаўкі амаль на 50%
27 красавіка, Ворша /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Рэспубліканскае унітарнае вытворча-гандлёвае прадпрыемства "Аршанскі льнокамбінат" за студзень-сакавік бягучага года павялічыў экспартныя пастаўкі на 49,4% у параўнанні са студзенем-сакавіком 2009 года. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар прадпрыемства Уладзімір Несцярэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аб'ём продажаў бытавых тканін за студзень-сакавік склаў 4218 тыс. пагонных метраў, што складае 119,3% да аналагічнага перыяду 2009 года. На ўнутраны рынак пастаўлена 1594 тыс. пагонных метраў, у блізкае замежжа - 328 тыс. пагонных метраў, у далёкае замежжа - 2296 тыс. пагонных метраў, або 134,3% да аналагічнага перыяду 2009 года. Як адзначыў гендырэктар, аб'ём продажаў бытавых і таварных тканін апярэджваў іх аб'ём вытворчасці, у выніку чаго рэшткі бытавых тканін на складзе знізіліся на 891 тыс. пагонных метраў. Па стане на 1 красавіка рэшткі гатовай прадукцыі ў адпускных цэнах склалі амаль Br63 млрд. Фактычныя суадносіны складскіх запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці склалі 277,4% пры нарматыве 236,5%.
Тэмп росту аб'ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі за першы квартал бягучага года ў супастаўных цэнах склаў 112,1%. Разам з тым фінансавае становішча льнокамбіната застаецца складаным з-за вялікай крэдыторскай запазычанасці і фінансавых абавязацельстваў перад банкам.
Аршанскі льнокамбінат з'яўляецца адзіным у рэспубліцы прадпрыемствам па вытворчасці і рэалізацыі ільняных тканін і іншых вырабаў з лёну. Доля прадпрыемства ў прамысловай вытворчасці горада складае 27%, тут працуюць больш за 33% ад агульнай колькасці занятых у прамысловасці. У склад льнокамбіната ўваходзіць пяць фабрык, працэс вытворчасці ільняных тканін уключае каля 100 тэхналагічных працэсаў. На прадпрыемстве вядзецца тэхнічнае перааснашчэнне вытворчасці, усталёўваецца новае тэхналагічнае абсталяванне. Знос асноўных фондаў у цэлым па льнокамбінаце складае 56,6%. Да пачатку 2012 года за кошт перааснашчэння плануецца, што знос абсталявання знізіцца да 32,3%. -0-