Аршанскі льнокамбінат у студзені-жнівні інвеставаў у асноўны капітал Br9,3 млрд.

23 верасня, Ворша /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Аршанскі льнокамбінат у студзені-жніўні бягучага года інвеставаў у асноўны капітал Br9,3 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на рэспубліканскім унітарным вытворча-гандлёвым прадпрыемстве (РУВП "Аршанскі льнокамбінат"). На прадпрыемстве з 2007 года рэалізуецца праграма тэхнічнага пераўзбраення ўсіх чатырох фабрык, якія ўваходзяць у склад камбіната. На дадзеным этапе падыходзяць да завяршэння пуска-наладачныя работы на фабрыцы нумар 1. Тут устаноўлены лінія катонізацыі ільнянога валакна вытворчасці нямецкіх і швейцарскіх кампаній, комплекс прадзіва і прадзіва-падрыхтоўчага абсталявання швейцарскай вытворчасці, а таксама сучаснае ткацкае абсталяванне. Агульны кошт праекта ацэньваецца ў Br21,9 млрд. Яго рэалізацыя дазволіць выпускаць высокамерныя ільняныя пражы з кароткага валакна, якія на 15% таннейшыя за аналагічныя пражы з доўгага валакна. Па прагнозах, гадавы аб'ём перапрацоўкі на абноўленай фабрыцы складзе 5,3 тыс.т ільнянога валакна, а таксама магчыма вытворчасць 0,7 млн. пагонных метраў тканіны. Упершыню прадпрыемства зможа выпускаць брызентавыя тканіны і тканіны тыпу джынс з ільнянога валакна. Як чакаецца, эканамічны эфект ад асваення новых відаў прадукцыі складзе Br2 млрд. у год. За час рэалізацыі праекта па тэхнічным пераўзбраенні камбіната на абнаўленне асноўных фондаў накіравана Br53 млрд. Аршанскі льнокамбінат заснаваны ў 1930 годзе. У склад прадпрыемства ўваходзяць фабрыка нумар 1, фабрыка нумар 2, фабрыка нумар 3, аздабляльная фабрыка. На прадпрыемстве працуе каля 6 тыс. чалавек. За 8 месяцаў бягучага года тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці да аналагічнага перыяду мінулага года склаў 82,6%, рэнтабельнасць вытворчасці - мінус 5,1%. -0-