Аршанскі льнокамбінат вядзе перамовы аб стварэнні СВП з італьянскай кампаніяй Marzotto Group
9 верасня, Мінск /Таццяна Чумакова - БЕЛТА/. Рэспубліканскае унітарнае вытворча-гандлёвае прадпрыемства "Аршанскі льнокамбінат" вядзе перамовы аб стварэнні сумеснай вытворчасці з вядомай італьянскай кампаніяй Marzotto Group. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар льнокамбіната Уладзімір Нястэрэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Працэс гэты працяглы з-за вялікіх памераў інвестыцый і ў сувязі з тым, што выдаткі нашай вытворчасці сёння растуць", - адзначыў Уладзімір Нястэрэнка. Праводжанае на прадпрыемстве тэхнічнае пераўзбраенне будзе спрыяць інвестыцыйнай прывабнасці Аршанскага льнокамбіната. Дзякуючы тэхперааснашчэнню павінна павысіцца прадукцыйнасць працы, канкурэнтаздольнасць выпускаемай прадукцыі, а таксама зарплата супрацоўнікаў.
Гендырэктар таксама распавёў, што на пачатковай стадыі знаходзяцца перамовы з кітайскімі вытворцамі. Дэлегацыя дзелавых колаў Кітая прыязджала на Аршанскі льнокамбінат у жніўні. "Кітайцы - асцярожныя інвестары, і хуткага рашэння яны, хутчэй за ўсё, не прымуць", - лічыць гендырэктар.
Уладзімір Нястэрэнка таксама паведаміў, што ў 2010-2014 гадах у развіццё прадпрыемства плануецца ўкласці Br456 млрд., у мінулым годзе асвоена Br53 млрд. Гэтыя сродкі пойдуць на пераўзбраенне трох фабрык льнокамбіната па перапрацоўцы доўгага ільновалакна. Плануецца павялічыць перапрацоўку ільновалакна амаль у 2 разы, а аб'ёмы вытворчасці тканін - у 2,5 разы ў параўнанні з цяперашнім узроўнем. У цяперашні час за мяжу прадаецца прыкладна 60% выпускаемай прадукцыі, пасля тэхпераўзбраення доля экспарту ўзрасце да 80%. "Такія маштабныя планы, безумоўна, звязаны і з пэўнымі рызыкамі", - сказаў гендырэктар. Ён растлумачыў, што ў льнокамбіната высокая канкурэнцыя з боку азіяцкіх вытворцаў і ў невялікім горадзе Орша няпроста вырашыць кадравую праблему.
Аршанскі льнокамбінат - адно з вядучых прадпрыемстваў лёгкай і тэкстыльнай прамысловасці Беларусі і краін СНД, утворана ў 1930 годзе. Выпускае больш за 30 млн. пагонных метраў гатовых ільняных тканін у год, разнастайнае сталовую і пасцельную бялізну, паўльняныя покрывы. На тэрыторыі Беларусі працуюць больш за 120 фірменных секцый прадпрыемства.-0-