Аршанскі льнокамбінат упершыню паставіць тканіны ў Індыю

Аршанскі льнокамбінат упершыню паставіць тканіны ў Індыю. Як паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях РВУП "Аршанскі льнокамбінат" Дзмітрый Мураўёў, пробная партыя прадукцыі будзе адпраўлена на новы рынак ужо ў бліжэйшы час.

"Мы падпісалі буйны кантракт з індыйскай тэкстыльнай кампаніяй, якая займаецца аптовымі пастаўкамі і рознічным гандлем. У іх у наменклатуры тканіны практычна з усяго свету, - сказаў Дзмітрый Мураўёў. - Перамовы былі працяглымі, мы ўлічылі ўсе патрабаванні партнёраў. Дасягнута дамоўленасць аб тым, што індыйская кампанія купіць у нас прадукцыю на $1 млн. Цяпер працуем над рэалізацыяй намечанага. На льнокамбінаце ўжо пабывалі прадстаўнікі замежнай кампаніі, сфарміравана пробная партыя, і ў бліжэйшы час груз на $59 тыс. будзе адпраўлены ў Паўднёвую Азію. Да гэтага прадукцыя льнокамбіната ў Індыю ніколі не пастаўлялася".

Намеснік гендырэктара адзначыў, што прадпрыемства вядзе актыўную работу па пошуку новых рынкаў і пашырэнні прысутнасці на ўжо адкрытых. Так, у мінулым годзе геаграфія экспартных паставак пашырылася яшчэ на некалькі краін - першыя партыі аршанскага лёну былі адгружаны ў Туніс, Марока, Новую Зеландыю, ПАР. Акрамя таго, арганізаваны прамыя пастаўкі гатовых вырабаў у КНР. Цяпер Аршанскі льнокамбінат пастаўляе на экспарт больш за 80% адгружаемай прадукцыі. Продажы вядуцца ў 36 краін свету.

Алена Ціханава - БЕЛТА.