Аршанскі льнокамбінат выйшаў на бясстратную працу
29 сакавіка, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Аршанскі льнокамбінат па выніках 2010 года выйшаў на бязстратную працу. Аб гэтым паведаміў журналістам генеральны дырэктар прадпрыемства Уладзімір Несцярэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праект комплекснага бізнес-плана развіцця льняной галіны Беларусі ў 2011-2015 гадах быў разгледжаны сёння на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна.
Кіраўнік Аршанскага льнокамбіната адзначыў, што ў бягучым годзе прадпрыемства плануе захаваць набраныя тэпы росту па эканамічных паказчыках. "За першы квартал гэтага года плануецца рэнтабельная праца, чысты прыбытак павінен скласці каля Br1,5 млрд., тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці чакаюцца на ўзроўні 150% да аналагічнага ўзроўню мінулага года ў дзейных цэнах, дынаміка продажаў таксама станоўчая", - сказаў гендырэктар.
Па словах Уладзіміра Несцярэнкі, выйсці на бязстратную працу льнокамбінат змог у першую чаргу за кошт тэхпераўзбраення. З 2007 года на гэтыя мэты інвеставана каля Br30 млрд. Акрамя гэтага, вытворцы льновалакна пачалі пастаўляць на прадпрыемства сыравіну больш высокай якасці. "А гэта 60% поспеху продажаў", - падкрэсліў ён. Спрыяльная сітуацыя склалася і на знешнім рынку. Спрос на лён значна вырас, бо ільняныя тканіны сталі больш папулярнымі і моднымі. У мінулым годзе станоўчае сальда знешняга гандлю прадпрыемства склала $25 млн. У першым квартале гэтага года гэты паказчык чакаецца на ўзроўні $8 млн.
Аналізуючы перспектывы фарміравання ў Беларусі льнянога холдынгу, галоўнай арганізацыяй якога выступіць Аршанскі льнокамбінат, Уладзімір Несцярэнка адзначыў, што праект па фарміраванні такога аб'яднання апраўданы, але ён павінен быць рэалізаваны паэтапна. "У першую чаргу неабходна забяспечыць эфектыўную працу ўсіх структур, якія ўвойдуць у холдынг, перааснасціць іх тэхнічна", - рэзюмаваў кіраўнік Аршанскага льнокамбіната.
Аршанскі льнокамбінат - адно з вядучых прадпрыемстваў лёгкай і тэкстыльнай прамысловасці Беларусі і іншых краін СНД, утворана ў 1930 годзе. Выпускае больш за 30 млн. пагонных метраў гатовых ільняных тканін у год. Асноўны асартымент гатовай прадукцыі - разнастайная сталовая бялізна: абрусы, сурвэткі, ручнікі і іх камплекты; пасцельная бялізна: прасціны, навалачкі, прасцірадзіны і камплекты; паўльняныя покрывалы. На тэрыторыі Беларусі працуюць больш за 120 фірменных магазінаў і секцый прадпрыемства.-0-