Аршанскі льнокамбінат за 2008-2009 гады інвеставаў у вытворчасць Br53 млрд.
28 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. РУПТП "Аршанскі льнокамбінат" за 2008-2009 гады інвеставала ў развіццё вытворчасці Br53 млрд, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар прадпрыемства Уладзімір Несцярэнка.
Тэхнічнае пераўзбраенне ўсіх чатырох фабрык камбіната вялося з 2007 года. Найбольш буйным праектам за гэты час стала перааснашчэнне фабрыкі №1. Тут устаноўлены швейцарска-нямецкая лінія па перапрацоўцы кароткага ільновалокна, комплекс прадзіва і прадзіва-падрыхтоўчага абсталявання швейцарскай вытворчасці і сучаснае ткацкае абсталяванне. Мадэрнізацыя дазволіла выпускаць катонізаванае валокна і выпрацоўваць з яго высокамерныя пражы - ільняныя і змесавыя (двух- і трохкампанентныя). "Першапачаткова планавалася рэалізоўваць гэту пражу як таварную прадукцыю, аднак мы перагледзелі асартымент, і сёння яе фактычна асноўная частка ідзе для ўласнага спажывання як імпартазамяшчэнне. Пража выкарыстоўваецца для замены дэкаратыўных баваўняных, якія раней даводзілася закупляць, а таксама для пашыву касцюмных тканін", - распавёў Уладзімір Несцярэнка.
Тэхпераўзбраенне дазволіла льнокамбінату асвоіць выпуск новых відаў прадукцыі і значна пашырыць асартымент. Пры гэтым адной з галоўных задач мадэрнізацыі з'яўлялася асваенне вытворчасці тканін і праж з новымі ўласцівасцямі і павышэнне іх якасці. "У цэлым нам удалося дасягнуць гэтай мэты", - падкрэсліў гендырэктар. Ён таксама дадаў, што зараз найважнейшым напрамкам дзейнасці для прадпрыемства з'яўляецца адшыў тканін у выглядзе гатовых вырабаў, так як гэта значна павышае кошт канчатковай прадукцыі. Акрамя таго, давальніцкія заказы льнокамбінат размяшчае на швейных прадпрыемствах рэспублікі.
Касаючыся вынікаў работы года, які завяршаецца, Уладзімір Несцярэнка адзначыў, што ў першым паўгоддзі на льнокамбінаце назіралася звязанае з сусветным фінансавым крызісам падзенне аб'ёмаў вытворчасці. Аднак у трэцім і чацвёртым квартале ўдалося выйсці на 88% выпуску да мінулага года і станоўчую рэнтабельнасць. Па выніках года яна чакаецца ў памеры 1-2%. У адносінах да 1 студзеня 2009 года аб'ём таварнай прадукцыі на складах на 1 снежня знізіўся на 1 млн.м тканін, або на 8%, да 11 млн.м.
У бягучым годзе льнокамбінат развіваў рынкі збыту. Пробныя партыі былі пастаўлены ў Швейцарыю, Швецыю, Тайланд, Японію. Усяго рэалізацыя ажыццяўлялася больш чым у 30 краін. "Экспарт у студзені-лістападзе павялічыўся на 11% да аналагічнага ўзроўню 2008 года, але ў долі даведзенай прадукцыі за кошт таго, што ўнутраны рынак спажыў больш, удзельная вага экспарту крыху знізілася і склала 56%", - распавёў кіраўнік.
Аршанскі льнокамбінат утвораны ў 1930 годзе. У склад вядучага прадпрыемства лёгкай і тэкстыльнай прамысловасці Беларусі ўваходзяць чатыры фабрыкі. Камбінат выпускае больш за 30 млн. пагонных метраў гатовых ільняных тканін у год. Асноўны асартымент гатовай прадукцыі ўключае сталовую і пасцельную бялізну, паўльняныя покрывалы. На тэрыторыі Беларусі працуюць больш за 120 фірменных секцый прадпрыемства. Колькасць работнікаў складае каля 6 тыс. чалавек.-0-