Аршанскі міліцыянт з дапамогай зброі быў вымушаны абараняцца ад п'янага дэбашыра з бензапілой

30 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Аршанскі міліцыянер з дапамогай зброі абараняўся ад п'янага дэбашыра з працоўнай бензапілой, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкама. У Аршанскі райаддзел міліцыі напярэдадні ўвечары паступіў званок ад мясцовай жыхаркі аб тым, што яе п'яны муж зладзіў дома скандал і выгнаў непаўналетніх дзяцей на вуліцу. Міліцыянеры, якія прыбылі на месца сямейнага скандалу, прапанавалі разбушаваўшамуся бацьку праехаць у аддзяленне для далейшага разбіральніцтва. Замест гэтага мужчына ўзяў бензапілу, завёў яе і, пагражаючы забойствам, накіраваўся ў бок міліцыянераў. На патрабаванні прадстаўнікоў закона спыніць супрацьпраўныя дзеянні і папярэджанне аб магчымым прымяненні агнястрэльнай зброі ён не адрэагаваў. Следчы следчага аддзела папярэдняга расследавання РАУС зрабіў чатыры стрэлы ў паветра. Адступаючы ад скандаліста з бензапілой, міліцыянер упаў, а той занёс над ім працоўны інструмент. З-за ўзнікшай рэальнай пагрозы жыццю супрацоўнік праваахоўных органаў вымушаны быў зрабіць прыцэльны стрэл у нападніка. З агнястрэльнымі раненнямі дэбашыр дастаўлены ў бальніцу. Па папярэдняй ацэнцы пракуратуры Аршанскага раёна, дзеянні супрацоўнікаў міліцыі прызнаны правамернымі. Па дадзеных УУС аблвыканкама, за пяць месяцаў бягучага года ў вобласці з 7,4 тыс. злачынстваў 1255 было здзейснена ў стане алкагольнага ап'янення. -0-