Аршанскі мясакансервавы камбінат інвеставаў у развіццё вытворчасці ў I паўгоддзі Br1,4 млрд.

28 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Аршанскі мясакансервавы камбінат" у першым паўгоддзі інвеставаў Br1,4 млрд. у развіццё вытворчасці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве. Сродкі былі накіраваны на набыццё абсталявання для цэхаў дзіцячага харчавання, каўбасных вырабаў, кансервавага, забойнага і іншых вытворчых участкаў. Так, у кансервавым цэху ўстаноўлена сістэма кандыцыянавання сыравіннага аддзялення. У цэху дзіцячага харчавання замянілі састарэлы эмульсітатар. Новае высокапрадукцыйнае абсталяванне аўстрыйскай вытворчасці для гамагенізацыі мяснага пюрэ дазволіць пашырыць асартымент кансерваў для малых. У хуткім часе ў гэтым цэху плануецца ажыццявіць больш шырокую мадэрнізацыю і ўдвая павялічыць магутнасці. У цяперашні час ён разлічаны на вытворчасць 5 туб пюрэ ў змену. Акрамя таго, на прадпрыемстве актыўна рыхтуюцца да дэмантажу аварыйнай часткі будынка галоўнага вытворчага корпуса, правесці які плануецца ў жніўні-верасня. Размешчаныя тут вытворчасці ўжо перанесены на іншыя пляцоўкі. У студзені-чэрвені прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br61,1 млрд., што на 15,7% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Прадукцыйнасць працы павялічылася на 15,3%. Паказчык па энергазберажэнні склаў мінус 12,7%. Экспарт па выніках паўгоддзя ўзрастаў больш чым у два разы да $4,1 млн. Пастаўкі ажыццяўляліся пераважна ў Расію, а таксама ва Украіну і ўпершыню ў Азербайджан. Прадпрыемства заснавана ў 1930 годзе, акцыянавана ў 1997-м. Спецыялізуецца на выпуску мясных, мяса-агароднінных і рыба-агароднінных кансерваў для дзіцячага харчавання, вытворчасці каўбасных вырабаў, мясных і мяса-агароднінных кансерваў у вялікіх банках. Спісачная колькасць работнікаў - больш за тысячу чалавек.-0-