Аршанскі мясакансервавы камбінат рэалізуе інвестпраект амаль на 15 млн еўра
Інвестпраект уключае ўзвядзенне цэха забою рагатай жывёлы, ачысных збудаванняў, інфраструктуры і забеспячэнне тэхналагічным абсталяваннем. У адпаведнасці з графікам рэалізацыі праекта правесці падрыхтоўчыя работы плануецца ў красавіку, пачаць будаўніцтва - у маі. Будынак цэха забою жывёлы пабудаваць за 2018 год, а ў 2019-м - усталяваць абсталяванне і правесці наладку. Здача аб'екта запланавана на снежань наступнага года. Магутнасці цэха складуць 60 галоў свініны ў гадзіну і 40 галоў буйной рагатай жывёлы ў гадзіну. Цяперашні цэх забою жывёлы на прадпрыемстве, пабудаваны ў 30-х гадах і рэканструяваны ў 70-х, будзе закрыты. Увесь аб'ём работы па забоі жывёлы будзе ажыццяўляцца на новай пляцоўцы, магчымасці якой дазволяць забяспечыць сыравінай увесь вытворчы цыкл камбіната. "Дадзены аб'ект будзе ўзводзіцца па апошніх стандартах і адпавядаць найвышэйшым санітарным і ветэрынарным патрабаванням. Ён адкрые перад мясакансервавым камбінатам магчымасці выхаду на далёкае замежжа, уключаючы рынкі мусульманскіх краін, бо праектам прадугледжана арганізацыя забою жывёлы па ўмовах халяль. Таксама чакаецца, што з уводам яго ў эксплуатацыю аб'ём выручкі камбіната ўзрасце прыкладна ў два разы", - адзначыў дырэктар прадпрыемства Мікалай Шабуня. Значнасць інвестпраекта адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў. "У Віцебскай вобласці плануецца будаўніцтва новых буйных свінаводчых комплексаў і малочна-таварных ферм, таму сур'ёзная ўвага надаецца мадэрнізацыі малочных і мясных перапрацоўчых вытворчасцей", - падкрэсліў ён. Мікалай Шарстнёў таксама звярнуў увагу, што за 2017 год камбінат набраў нядрэнныя тэмпы работы. У прыватнасці, тэмп росту таварнай прадукцыі да ўзроўню 2016 года склаў 140%, выручкі - амаль 150%, экспарту - 141%. "Гэты год павінен быць яшчэ большэфектыўным. Неабходна стварыць магутны фундамент, каб да моманту запуску новага забойчага цэха, па сутнасці новага мясакамбіната, вярнуць запазычанасці, назапашаныя за папярэднія гады", - дадаў старшыня аблвыканкама.