Аршанскі мясакансервавы камбінат у 2011 годзе плануе павялічыць выпуск новай прадукцыі амаль на 50%
23 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Аршанскі мясакансервавы камбінат у 2011 годзе плануе павялічыць выпуск новай прадукцыі амаль на 50%, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Аркадзь Няўсіхін.
Адным з галоўных з'яўляецца праект па павелічэнні выпуску дзіцячага харчавання на 50%. Падрыхтоўка да ўзвядзення новага корпуса ўжо пачалася, прыступіць да будаўнічых работ плануецца ў красавіку-маі. Паралельна на існуючых плошчах вядзецца мантаж, запуск і ўключэнне ў вытворчы працэс новага абсталявання. Рэалізацыя праекта коштам звыш Br3 млн еўра апроч павелічэння аб'ёму вытворчасці і пашырэння асартыменту дазволіць значна павысіць якасць прадукцыі для дзяцей, а таксама пачаць яе выпуск у шкляной банцы, адзначыў кіраўнік. У цяперашні час спецыялісты прадпрыемства распрацоўваюць новыя віды вырабаў для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту.
Шэраг навінак будзе прапанаваны даросламу насельніцтву. Так, пашыраецца лінейка мясной прадукцыі, якая не ўключае харчовыя дабаўкі групы Е. Цяпер апроч вараных каўбас у яе ўваходзяць паўкапчоныя каўбасы, паўфабрыкаты. Папаўняюцца лінейкі лячэбнага і функцыянальнага харчавання. Кіраўнік падкрэсліў, што Аршанскі мясакансервавы камбінат пазіцыянуе сябе як прадпрыемства, якое выпускае карысныя для здароўя прадукты.
Аркадзь Няўсіхін таксама адзначыў, што ў Год прадпрыемлівасці прадпрыемства мае намер і далей развівацца. "Мы плануем істотна абнавіць тэхнічную базу, пабудаваць новы корпус па забоі жывёлы, рэалізаваць іншыя праекты, якія дазволяць камбінату павысіць канкурэнтаздольнасць мясной прадукцыі, яе экспартны патэнцыял, а ў канчатковым выніку будуць спрыяць росту дабрабыту нашых работнікаў", - сказаў ён.
Прадпрыемства заснавана ў 1930 годзе. Спецыялізуецца на вытворчасці мясных кансерваў, каўбасных вырабаў. Кансервы для дзіцячага харчавання ў структуры таварнай прадукцыі займаюць 27%. Асартымент выпускаемай прадукцыі налічвае звыш 400 найменняў, у тым ліку больш за 70 - дзіцячых кансерваў. Сярэдне-спісачная колькасць працаўнікоў - звыш 1,1 тыс. чалавек. За 2010 год камбінат вырабіў прадукцыі амаль на Br150 млрд. На экспарт пастаўлена мясных вырабаў на $8 млн. Інвестыцыі на 2011 год плануюцца ў аб'ёме Br50 млрд.-0-