Аршанскі мясакансервавы камбінат у студзені-красавіку павялічыў экспарт амаль у тры разы
13 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Аршанскі мясакансервавы камбінат" у студзені-красавіку павялічыў экспарт сваёй прадукцыі ў параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года амаль у тры разы да $3 млн., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
Павелічэнне паставак звязана, перш за ўсё, з больш глыбокім асваеннем рынку Расіі, на долю якой прыпадае 90,6% экспарту. Акрамя таго, упершыню прадпрыемства ажыццявіла пастаўку ў Азербайджан 203 туб мясных кансерваў коштам больш чым на $220 тыс. Дзякуючы гэтай пастаўцы доля Казахстана ў агульным аб'ёме экспарту склала 7,3%.
Астатняя частка паставак прыйшлася ў мінулым перыядзе на Украіну і Малдову, дзе камбінат таксама стараецца пашырыць сваю прысутнасць. Разам з гэтым прапрацоўваюцца магчымасці супрацоўніцтва з іншымі краінамі на постсавецкай прасторы.
За студзень-красавік прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br40,6 млрд., што на 14,4% вышэй за аналагічны перыяд мінулага года. Прадукцыйнасць працы за гэты перыяд павялічылася адпаведна на 29,6%. Паказчык па энергазберажэнні склаў мінус 13,5%. Інвестыцыі ў развіццё камбіната за чатыры месяцы дасягнулі каля Br1 млрд. За кошт гэтых сродкаў былі набыты новыя халадзільныя камеры, абсталяванне для цэха дзіцячага харчавання і забойнага цэха. Усяго ў 2009 годзе на тэхнічнае пераўзбраенне камбінат плануе накіраваць каля Br9 млрд.
Прадпрыемства заснавана ў 1930 годзе. Акцыянавана ў 1997-м. Спецыялізуецца на выпуску мясных, мяса-агароднінных і рыба-агароднінных кансерваў для дзіцячага харчавання, вытворчасці каўбасных вырабаў, мясных і мяса-агароднінных кансерваў у вялікіх банках. Спісачная колькасць работнікаў 1081 чалавек.-0-