Аршанскі раён павінен паказаць прыклад развіцця гарадам і раёнам краіны - Наталля Качанава

Аршанскі раён павінен паказаць прыклад развіцця для гарадоў і раёнаў краіны. Гэта адзначыла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, якая ўчора прадставіла актыву Аршанскага раёна новага старшыню райвыканкама Аляксандра Пазняка.

На пазачарговай сесіі Аршанскага райсавета Аляксандр Пазняк быў зацверджаны на пасадзе старшыні Аршанскага раённага выканаўчага камітэта. Да гэтага ён быў памочнікам Прэзідэнта – інспектарам па Віцебскай вобласці. Развітваючыся з журналістамі пасля сесіі, Наталля Качанава падкрэсліла, што задачы, пастаўленыя перад раёнам, застаюцца ранейшымі.

"Гэта эфектыўная праца кожнага прадпрыемства і эфектыўная праца раёна ў цэлым. Аршанскі раён павінен быць прыкладам у рэгіянальным развіцці для гарадоў і раёнаў краіны. Пастаўлена задача на прыкладзе Оршы паказаць, як можа развівацца горад і раён. Як эфектыўна могуць працаваць прадпрыемствы, арганізацыі, установы для таго, каб фарміраваць бюджэт, вырашаць сацыяльныя задачы", - сказала кіраўнік Адміністрацыі. Яна адзначыла, што кадры адыгрываюць ключавую ролю ў арганізацыі працы прадпрыемстваў і раёнаў. У гэтым кантэксце надзвычай важная роля кіраўніка.

"Калі кіраўнік на сваім месцы, ён разумее тыя задачы, якія стаяць перад ім, ён умее працаваць з людзьмі, усе праблемы вырашальныя. Бываючы ў рэгіёнах, я бачу, што ў адной і той жа эканамічнай сітуацыі прадпрыемствы працуюць па-рознаму. Там, дзе сапраўды добра працуе кіраўнік, ёсць поспех і ў прадпрыемства. І прыкладаў таму шмат у нашай краіне, і ў Оршы такіх дастаткова", - канстатавала Наталля Качанава.

Алена Ціханава - БЕЛТА.