Аршанскі раён да 2020 года павінен выйсці на паказчыкі развіцця вышэй сярэднеабласных
Аршанскі раён да 2020 года павінен выйсці на паказчыкі развіцця вышэйшыя за сярэднія па Віцебскай вобласці. Развіццё раёна абмяркоўвалася ўчора на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў.
Як адзначыў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, за мінулы год удалося дамагчыся некаторых станоўчых зрухаў. Так, аб'ём прамысловай вытворчасці ў супастаўных умовах у 2017 годзе склаў 102% да ўзроўню папярэдняга года, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі - 107,6%, экспарт тавараў - 105,2%, рэальная заработная плата - 105,6%.
Па выніках года атрымана чысты прыбытак Br35,3 млн (у 2016 годзе быў чысты ўбытак Br1,7 млн). У мінулым годзе завершаны другі этап мадэрнізацыі Аршанскага льнокамбіната, здадзены ў эксплуатацыю лячэбны корпус бальніцы ім. Семашкі. Разгорнута будаўніцтва мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу ў Балбасава, вядзецца падрыхтоўка новых праектаў.
Для комплекснага вырашэння праблем Аршанскага раёна падрыхтавана і зацверджана праграма яго сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2020 года. У прыватнасці, у ёй выдзелены кропкі росту, прыярытэты і асноўныя параметры развіцця. Складзены пералік найважнейшых інвестпраектаў. Праінвентарызаваны невыкарыстоўваемыя і неэфектыўна выкарыстоўваемыя аб'екты нерухомасці і вызначаны спосабы ўцягвання ў абарот кожнага з іх. Выконваецца комплексны план мер па развіцці Аршанскага раёна. "Гэты план не догма. У працэсе работы з'яўляюцца новыя пытанні. Таму ён дапаўняецца, карэктуецца", - растлумачыў Андрэй Кабякоў.
У сённяшняй, трэцяй рэдакцыі плана ўлічаны палажэнні праграмы да 2020 года. У ім вызначаны асноўныя параметры развіцця раёна ў параўнанні са сярэднеабласнымі. Па кожным з іх раён павінен да 2020 года перавысіць узровень вобласці. У план уключаны пералік інвестыцыйных праектаў. У кожным рэспубліканскім органе кіравання, Віцебскім аблвыканкаме і Аршанскім райвыканкаме замацаваны канкрэтны кіраўнік, які каардынуе работу па развіцці раёна. Па большасці мерапрыемстваў закладзены лікавыя вынікі іх рэалізацыі, падрабязна распісаны этапы выканання. У плане вызначана сістэма кантролю за яго выкананнем. "Гэты план становіцца і будзе адзіным
комплексам мерапрыемстваў па развіцці раёна на рэспубліканскім узроўні. Пры чарговай карэкціроўцы ў яго будуць уключаны ўсе рашэнні сённяшняга пасяджэння і мінулага Прэзідыума. Такі падыход дазваляе больш сістэмна падысці да пытанняў раёна і арганізаваць дзейсны кантроль за прынятымі рашэннямі", - адзначыў Андрэй Кабякоў. Задачы комплекснага плана дэталізаваны і канкрэтызаваны ў галіновых і рэгіянальных планах па развіцці Аршанскага раёна.