Аршанскі раён падпісаў пагадненне з кітайскім Цындаа
Подпісы пад двухбаковым дакументам паставілі мэр горада Ціндао Мэн Фаньлі і старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Ісачэнка.
Усяго ж у складзе кітайскай дэлегацыі прыбылі каля 20 чалавек – прадстаўнікі адміністрацыі горада і бізнес-колаў. Напярэдадні яны прынялі ўдзел у дзелавым форуме пілотнай зоны рэгіянальнага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва «Кітай — ШАС» у Мінску і ў яго рамках падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве з Віцебскім аддзяленнем БелГПП.
Для гасцей аршанскага рэгіёну была арганізавана дэгустацыя прадукцыі мясцовых вытворцаў. Не ў першы раз ацэньваючы яе якасць (у маі гэтага года ў Оршы рэгіёны падпісалі пратакол намераў), кітайцы выказалі жаданне адкрыць у Ціндао краму беларускай мяса-малочнай і хлебабулачнай прадукцыі.
Што тычыцца сацыяльнай сферы, Мэн Фаньлі зацікавіўся міжнароднымі турнірамі па шахматах і вольнай барацьбе, што праходзяць на Лядовай арэне і ў спорткомплексе «Алімпіец» у Оршы. Ён выказаў намер накіраваць для ўдзелу ў іх кітайскіх спартсменаў.
Аршанскі раён плануе нарошчваць экспарт у Кітай. Пакуль адзінае ў рэгіёне прадпрыемства-экспарцёр – Аршанскі льнокамбінат.
Дарэчы, у адпаведнасці з крэдытным пагадненнем паміж «Эксiмбанкам» Кітая і льнокамбінатам была адкрыта крэдытная лінія для рэалізацыі ў 2015 — 2017 гадах інвестпраекта па мадэрнізацыі прадпрыемства з пашырэннем вытворчасці.
У канцы мінулага года яго завяршылі, аб'ём інвестыцый склаў 129 млн рублёў. За студзень — чэрвень 2018 года аб'ём знешняга гандлю Аршанскага раёна з Кітаем склаў 3 млн долараў, а само прадпрыемства паставіла туды тавараў на 300 тыс. долараў.
Госці Аршаншчыны наведалі Дом лёну, ацаніўшы па вартасці якасць прадукцыі, што выпускаецца льнокамбінатам.
Таксама кіраўнікі лагістычных і інвестыцыйных кампаній горада Ціндао абмеркавалі з прадстаўнікамі кампаніі «Брэміна груп» перспектывы супрацоўніцтва ў будаўніцтве мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу «Брэміна-Орша».