Аршанскі станкабудаўнічы завод "Чырвоны баец" распрацуе абсталяванне для авіяцыйнага комплексу Расіі

25 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. РВУП "Станкабудаўнічы завод "Чырвоны баец" (Орша) распрацуе абсталяванне для авіяцыйнага комплексу Расіі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік галоўнага інжынера прадпрыемства Віктар Вілічка. Шасцікаардынатны профільшліфавальны станок з лікавым праграмным кіраваннем (ЛПК) будзе прызначаны для апрацоўкі саплавых лопатак газатурбінных рухавікоў лятальных апаратаў. Яго кошт, па папярэдніх даных, складзе каля 400 тыс. еўра. У цяперашні час прадпрыемства ўзгадняе з заказчыкамі тэхнічныя параметры і заданне на абсталяванне. Усю неабходную дакументацыю плануецца распрацаваць у другім паўгоддзі, а на працягу 2011 года выканаць заказ. Віталь Велічка таксама адзначыў, што ў гэтым годзе па праграме інавацыйнага развіцця прадпрыемства станкабудаўнічы завод плануе распрацаваць паўаўтамат спецыяльны разьбашліфавальны з ЛПК і паўаўтамат круглашліфавальны з ЛПК для апрацоўкі цел кручэння даўжынёй да 2 м. Абсталяванне прызначана для вырабу і апрацоўкі складаных тэхнічных дэталяў галін машынабудавання. Прадпрыемства заснавана ў 1900 годзе, вырабляе ўніверсальнае высокадакладнае шліфавальнае абсталяванне рознага прызначэння і рознага ўзроўню аўтаматызацыі, станкі па індывідуальных чарцяжах заказчыкаў, а таксама сродкі малой механізацыі, тавары народнага спажывання. Удзельная вага новай прадукцыі ў агульным аб'ёме вытворчасці за 2009 год склала 60%. -0-