Аршанскі "Свiтанак" мае намер стварыць у Беларусi сетку фірменнага гандлю
10 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ЗАТ "Свіцянак" (г.Орша) мае намер стварыць у Беларусі сетку фірменнага гандлю. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Людміла Кузняцова сёння на адкрыцці фірменнай крамы ў Віцебску.
Паводле яе слоў, яшчэ некалькі гадоў таму аршанскае прадпрыемства працавала ў асноўным на давальніцкіх заказах, якія паступалі з Італіі, Францыі, Расіі, краін Балтыі. Уласная вытворчасць пачала актыўна развівацца ў пачатку 2000-х гадоў. За апошнія пяць гадоў доля ўласнай вытворчасці вырасла з 15% у агульным аб'ёме выпуску прадукцыі да больш чым 50%. У бліжэйшыя гады гэтая праца будзе працягвацца, расказала кіраўніца.
Для нарошчвання долі выпуску ўласнай прадукцыі прадпрыемства мае намер стварыць у Беларусі сетку фірменнага гандлю. Крама, што адкрылася сёння ў Віцебску, стала першым крокам у гэтым напрамку. Фірменная крама дзейнічае таксама пры прадпрыемстве ў Оршы, а ў 2011 годзе плануецца адкрыць краму ў Магілёве. Акрамя таго, "Свіцянак" ужо адкрыў уласны гандлёвы дом у Падмаскоўі.
У студзені-верасня бягучага года прадпрыемства павялічыла выпуск прадукцыі ў супастаўных цэнах у параўнанні з такім жа перыядам 2009-га на 23% да Br23 млрд.
Прадпрыемства заснавана ў 1924 годзе. У 1991-м стала закрытым акцыянерным таварыствам. Спецыялізуецца на пашыве верхняга адзення для дзяцей і падлеткаў розных узроставых груп, таксама выпускае адзенне школьнага напрамку для дзяўчынак. Сярэдняспісачная колькасць працаўнікоў - каля 750 чалавек. Вытворчыя магутнасці дазваляюць выпускаць 400 тыс. адзінак вырабаў у год. Рэнтабельнасць рэалізацыі за студзень-верасень склала 13,3%. Доля экспарту прадукцыі ўласнай вытворчасці - каля 20%. Пастаўкі ажыццяўляюцца ў Расію.-0-