Аршанскі "ВІТЭН" дэбютуе ў Кубку УЕФА па міні-футболе гульнёй са славенскім "Пунтарам"

29 верасня, Мінск /Ігар Хадасевіч - БЕЛТА/. Чэмпіён Беларусі па міні-футболе аршанскі "ВітЭн" адправіўся ў Славенію, дзе ўпершыню прыме ўдзел у кваліфікацыйным раўндзе Кубка УЕФА, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Свой стартавы матч у гэтым прэстыжным кантынентальным турніры падапечныя Віктара Тарчылы правядуць 1 кастрычніка ў Тальмене супраць мясцовага клуба "Пунтар". На наступны дзень наша каманда сустрэнецца з партугальскай "Бенфікай" (Лісабон), а 4 кастрычніка завершыць групавы турнір матчам з чарнагорскай камандай "Монтэнэгра Старз". Згодна з рэгламентам спаборніцтваў у наступны, элітны раўнд выйдуць дзве лепшыя каманды. Затым 16 дружын будуць разбіты на 4 групы, пераможцы якіх выйдуць у "Фінал чатырох". Уладальнік Кубка УЕФА вызначыцца ў красавіку 2010 года. Перад ад'ездам у Славенію футбалісты "ВітЭна" ў сябе дома правялі матч 3-га тура нацыянальнага чэмпіянату з "Барысаў-900". Барысаўчане нечакана для спецыялістаў здолелі абыграць чэмпіёна з мінімальным лікам 1:0. Між іншым, да гэтага "ВітЭн" не прайграваў на сваёй пляцоўцы ў 38 гульнях запар. Цяпер аршанская дружына займае толькі 7-е месца ў турнірнай табліцы першынства краіны, набраўшы 4 ачкі ў трох праведзеных сустрэчах. А наперадзе тры каманды, якія атрымалі па тры перамогі: "Барысаў-900", сталічны МАПІД і "Медпрэпараты-Верас" (Нясвіж). Гулец нясвіжскай дружыны Руслан Лазюк лідзіруе ў спрэчцы бамбардзіраў, забіўшы 8 мячоў.-0-