Аршанскі хлебазавод у I паўгоддзі завершыць мадэрнізацыю кандытарскага цэха
7 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Аршанскі хлебазавод завершыць мадэрнізацыю кандытарскага цэха ў першым паўгоддзі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Венгер.
Праект коштам каля Br1,5 млрд вядзецца на хлебазаводзе са студзеня 2010 года. У цяперашні час у цэху праведзены асноўныя рамонтна-будаўнічыя работы, вядзецца пастаўка неабходнага тэхналагічнага абсталявання: новых цестамясільных, крэмаўзбівальных апаратаў, подовай печы, мукадозатараў.
Завяршыць рэканструкцыю вытворчых плошчаў плануецца да канца першага квартала, а з красавіка - прыступіць да мантажу і наладкі абсталявання. Увод у эксплуатацыю абноўленага цэха намечаны на чэрвень. Рэалізацыя праекта накіравана на павышэнне якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, з'яўляецца асноўным крокам на шляху да ўкаранення сістэмы кіравання бяспекай харчовых прадуктаў на аснове прынцыпаў ХАССП, сертыфікаваць якую Аршанскі хлебазавод плануе ў бягучым годзе.
За 2010 год прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br20,4 млрд, што складае 110,2% да ўзроўню 2009 года. Рэнтабельнасць рэалізацыі - 6,1%. Прадукцыйнасць працы за мінулы год вырасла на 6,4%. Экспарт - на 28% да $98 тыс. Пастаўкі ажыццяўляліся ў Расію. Паказчык па энергазберажэнні пры заданні мінус 14,6% дасягнуў мінус 16%. Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі Br850 млн. Акрамя таго, у 2010 годзе на прадпрыемстве ўкаранёна сістэма кіравання аховай працы СТБ 18001, у 2007-м - сістэма кіравання якасцю на аснове міжнароднага стандарту ІСА 9001.
Прадпрыемства заснавана ў 1935 годзе. З'яўляецца філіялам РВУП "Віцебскхлебпрам". У суткі завод выпускае 25 т хлебабулачных і 500 кг кандытарскіх вырабаў. Удзельная вага новых відаў прадукцыі ў агульным аб'ёме вытворчасці за 2010 год склала 77%. У цэлым у дзень выходзіць больш за 90 найменняў вырабаў. Колькасць працаўнікоў - звыш 340 чалавек.-0-