Аршанскі завод "Легмаш" інвеставаў у першым паўгоддзі ў развіццё вытворчасці Br2,4 млн
Завод планамерна рэалізуе праграму развіцця на 2018-2023 гады, якая ўключае пяць асноўных мерапрыемстваў: інвестпраект па арганізацыі вытворчасці інавацыйнага абсталявання і камплектуючых вырабаў да яго для нафтагазавай прамысловасці; мадэрнізацыя ліцейнай вытворчасці; мадэрнізацыя механаапрацоўчай вытворчасці; знос невыкарыстоўваемых і аварыйных будынкаў і збудаванняў, перадача зямельных участкаў у камунальную ўласнасць; узвядзенне і рэканструкцыя будынкаў і збудаванняў.
Сяргей Колас акцэнтаваў увагу на ўстойлівай працы ў дадзеных напрамках, а таксама на агульнай дзейнасці прадпрыемства. Так, з 11 даведзеных ключавых паказчыкаў па выніках першага паўгоддзя дапушчана адставанне толькі па адным - выручцы ад рэалізацыі прадукцыі ў разліку на аднаго сярэднеспісачнага работніка, што абумоўлена фінансавымі цяжкасцямі партнёраў "Легмаша". "У цэлым жа на прадпрыемстве стабільна выплачваецца заработная плата, адсутнічаюць запазычанасці за энерганосьбіты, асвойваюцца новыя віды прадукцыі для нафтагазавай прамысловасці Расійскай Федэрацыі. Пэўныя цяжкасці адзначаюцца ў рэалізацыі прадукцыі, што звязана з агульнай эпідсітуацыяй, аднак пераадолець іх плануецца да жніўня. Заказамі завод забяспечаны ў поўным аб'ёме, што ўлівае ўпэўненасць у будучыні", - падкрэсліў дырэктар.
За студзень-чэрвень 2020 года аб'ём вытворчасці склаў 106% да аналагічнага ўзроўню мінулага года, сярэднямесячная заработная плата вырасла на 19,8%. Па выніках года чакаецца рэнтабельнасць продажаў на ўзроўні не менш за 6,5%, рост аб'ёму вытворчасці да 2019 года - 110%.
Прадпрыемства ўваходзіць у склад холдынгу "Беларуская металургічная кампанія", спецыялізуецца на вытворчасці вадаахаладжальных элементаў, металаканструкцый, дэталяў і абсталявання для металургіі. Таксама выпускае стальное і чыгунае ліццё. Сярэднеспісачная колькасць супрацоўнікаў - звыш 480 чалавек.
Завод "Легмаш" стаў сёння першым у маршруце рабочай паездкі намесніка прэм'ер-міністра Юрыя Назарава па прадпрыемствах Оршы, якія адносяцца да Міністэрства прамысловасці. У спіс увайшлі таксама інструментальны завод, завод ПАК, акцыянерныя таварыствы "Оршааграпраммаш" і "Чырвоны баец", ТАА "Цыліндэрс-Бел". Асноўная мэта іх наведвання звязана з выяўленнем праблемных момантаў і іх вырашэннем у бягучай дзейнасці прадпрыемстваў, пытанняў, звязаных з рэалізацыяй інвестыцыйных праектаў і выкананнем даручэнняў кіраўніка дзяржавы.
Па словах першага намесніка старшыні Аршанскага райвыканкама Сяргея Паца, за паўтара года рэалізацыі ўказа №506 "Аб развіцці Аршанскага раёна Віцебскай вобласці" у рэгіёне праведзена вялікая праца па развіцці рэальнага сектара эканомікі. Па выніках паўгоддзя ўсе пяць вышэйназваных прадпрыемстваў Мінпрама працуюць безубыткова. "Калі па мінулым годзе яшчэ назіраліся страты па некаторых прадпрыемствах, то цяпер яны працуюць безубыткова. Мы бачым, што на іх забяспечана занятасць. Нават з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі няма прастояў, адпачынкаў па ініцыятыве наймальніка, распрацаваны і ўвасабляюцца ў жыццё інвестпраекты, гэта значыць ідзе стабільная рытмічная праца. Узровень заработнай платы, напрыклад, на "Легмаше" складае звыш Br1 тыс., на заводзе ПАК - больш Br900, на "Чырвоным байцу" - каля Br1 тыс.", - адзначыў Сяргей Пац.
Аб'ём прыцягнутых прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове за першы квартал 2020 года склаў па Аршанскім раёне каля Br11 млн - крыху больш за гэту лічбу складае заданне на год. "Гэта сведчыць аб тым, што развіццё ідзе ў правільным напрамку, і ўвага, якая надаецца Аршанскаму раёну, дае вынік", - заключыў першы намеснік старшыні райвыканкама.