Аршанскіх жаніхоў прымушаюць прасаваць валаком і качалкай і есці яечню

3 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Аршанскіх жаніхоў прымушаюць прасаваць валаком і качалкай, а таксама есці яечню. Такое незвычайнае выпрабаванне прыдумалі для маладых у Аршанскім этнаграфічным музеі "Млын" - філіяле музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны, расказала карэспандэнту БЕЛТА загадчыца філіяла Наталля Антоневіч. Нядаўна ў аршанскіх маладых і іх гасцей з'явілася традыцыя наведваць этнаграфічны музей. Шмат у чым гэтаму спрыялі самі супрацоўнікі, дзякуючы якім жаніхі і нявесты становяцца ўдзельнікамі вясельных гульняў, створаных па матывах нацыянальнага абраду. Нягледзячы на тое, што прабабулі не прымушалі сваіх мужоў прасаваць штаны, практычныя сучасныя нявесты пагадзіліся з музейнымі работнікамі, што лепшым спосабам даведацца аб гаспадарчых здольнасцях жаніха будзе менавіта прасаванне штаноў з дапамогай драўляных прыстасаванняў - валака і качалкі. Яшчэ адным сімвалічным выпрабаваннем, але ўжо для абодвух маладых, становіцца супольнае паяданне яечні адной лыжкай. Як патлумачыла Наталля Антоневіч, у беларускай народнай традыцыі яйка з'яўляецца сімвалам пладавітасці, а есці адной лыжкай, значыць, любіць. З'еўшы яечню, маладым трэба будзе выпіць "чару цярпення", каб яна ніколі не перапаўнялася. А вось іх сваякам неабходна будзе "перапіцца" - менавіта так у аршанцаў называецца абрад аб'яднання родаў: усім гасцям неабходна выпіць з аднаго кубка. Самым прыгожым і рамантычным з'яўляецца абрад зводзін, калі моцна абнятых маладых звязваюць адным вышытым ручніком. Без зводзін нават вянчаныя маладыя ў аршанскіх вёсках не лічыліся мужам і жонкай, патлумачыла Наталля Антоневіч. Завяршаецца вяселле ў музеі фотасесіяй. Але і яна поўная нечаканасцей, бо ў нявесты з'явіцца магчымасць пасядзець за старадаўнім ткацкім станком, а жаніх, можа, адзіны раз у жыцці, пастаіць ля сахі. Як адзначыла Наталля Антоневіч, музейная паслуга карыстаецца папулярнасцю, асабліва калі сярод вясельных гасцей ёсць замежнікі. Характэрна, што ўсё часцей маладыя просяць праводзіць абрады на беларускай мове. -0-