Аршанцы арганізуюць водную экспедыцыю ў гонар 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

16 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Водная экспедыцыя "З Уладзімірам Караткевічам ад Оршы да Рагачова", прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння знакамітага пісьменніка, стартуе 20 ліпеня ў Оршы. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Музейным комплексе гісторыі і культуры Аршаншчыны. Ініцыятарам мерапрыемства сталі аршанскія прыхільнікі творчасці Караткевіча - іх зямляка. Ідэя знайшла падтрымку ў гарадскіх улад, музеяў горада, Цэнтра дзіцячага і юнацкага турызму, краязнаўства і экскурсій Оршы. Так набралася група ў складзе 10 добраахвотнікаў, далучыцца да якой можа кожны ахвотны, адзначылі ў музеі. 20 ліпеня ўдзельнікі экспедыцыі ўскладуць кветкі да помніка Уладзіміру Караткевічу, прачытаюць свае любімыя творы гэтага аўтара і ўрачыста ў суправаджэнні грамадскасці горада проследуюць з гербам Оршы да набярэжнай Дняпра, дзе адпусцяць у неба складзены з паветраных шароў надпіс "Караткевічу - 80". Пакораць раку аршанцы будуць на катамаранах. На працягу шасці дзён ім трэба будзе пераадолець па вадзе 230 км. Спынкі падарожнікаў запланаваны ў Леўках, Магілёве, Баркалабаве, Быхаве і Рагачове. У кожным з гэтых населеных пунктаў удзельнікі правядуць літаратурныя сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй і моладдзю. Уладзімір Караткевіч стаў першым беларускім пісьменнікам, які працаваў у жанры гістарычнага дэтэктыва. За раман "Чорны замак Альшанскі" ён удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа. З'яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі СП БССР імя Івана Мележа за раман "Нельга забыць", адзначаны ордэнам Дружбы народаў. Творы аўтара адрозніваюцца яркімі вобразамі, захапляльным дынамічным сюжэтам. Многія з іх уключаны ў школьную праграму ("Каласы пад сярпом тваім", "Дзікае паляванне караля Стаха", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", "Сівая легенда"), многія - атрымалі другое жыццё ў кінематографе.