Аршанцы ў лідарах экспарцёраў
ААТ Станкабудаўнічы завод «Чырвоны барацьбіт», які сёння ўваходзіць у холдынг «Белстанкаінструмент», застаецца адным з самых буйных станкабудаўнічых аб'яднанняў на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, які выпускае абсталяванне сучаснага ўзроўню як універсальнага, так і спецыяльнага прызначэння. Прадукцыя аршанцаў карыстаецца папулярнасцю ў краінах СНД і Еўропы. Па выніках 2014 года «Чырвоны барацьбіт» прызнаны лепшым экспарцёрам сярод прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь, а дырэктар Аляксандр Шульгін (на здымку) удастоены імяннога ордэна Import Export Award за выдатныя заслугі ў сферы знешнеэканамічнай дзейнасці, а таксама ўзнагароджаны медалём за дасягненні прадпрыемства-экспарцёра па актуальных рэйтынгавых праграмах і сертыфікатам «Экспарцёр года». Сёння ў партфелі заказаў прамысловага прадпрыемства — шліфавальнае, кавальска-прэсавае абсталяванне і фрэзерныя станкі, якія купляюць у Расіі, Казахстане, у прыватнасці, заказ выкананы для бліжэйшых суседзяў — кампаній Пскова і Пскоўскай вобласці. Як паведаміў намеснік дырэктара па маркетынгу і збыце Вячаслаў Бушын, завод штогод удзельнічае ў 25 выставах па Беларусі і ў блізкім замежжы, літаральна нядаўна дэлегацыя завода пабывала ў Екацярынбургу. У гэтыя дні прадстаўнікі прадпрыемства знаходзяцца ў Германіі і Чэхіі. А ў цэлым «Чырвоны барацьбіт» сёння экспартуе сваю прадукцыю ў 115 краін свету.
Наталля ДРОЗДАВА, "Віцьбічы"