Віцебскае мастацкае вучылішча, заснаванае Шагалам, становіцца філіялам музея сучаснага мастацтва
22 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Адлік новай гісторыі былога народнага мастацкага вучылішча, заснаванага ў Віцебску Маркам Шагалам, пачнецца апоўначы з 23 на 24 лістапада. Арт-акцыя "00.01" азнамянуе вяртанне ў структуру культурнага жыцця Віцебска будынка былога вучылішча, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар музея "Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва" Валянціна Кірылава.
Будынак былога народнага мастацкага вучылішча перададзены музею і ў ім будзе створаны філіял з экспазіцыяй, прысвечанай вучылішчу і яго знакамітым заснавальнікам і выкладчыкам - Марку Шагалу, Казіміру Малевічу, Элю Лісіцкаму, Веры Ермалаевай і творчаму аб'яднанню Заснавальнікаў Новага Мастацтва - УНОВІС, народжанаму ў сценах гэтай незвычайнай навучальнай установы ў пачатку ХХ стагоддзя.
Гісторыкам вядома дакладная дата стварэння гэтага аб'яднання наватараў - 14 лютага 1920 года. У склад УНОВІС, які ўзначаліў Казімір Малевіч, уваходзілі Лісіцкі, Чашнік, Ермалаева, Магарыл, Суецін, Хідзекель - мастакі, чыя творчасць змяніла візуальнае ўспрыманне навакольнага асяроддзя і прызнана ва ўсім свеце. Філіялы УНОВІС былі створаны ў Маскве, Пермі, Саратаве, Смаленску. На працягу 1920-1924 гадоў Віцебскі камітэт УНОВІС з'яўляўся цэнтральным аб'яднаннем творчых сіл. Унікальная педагагічная сістэма мастацкай адукацыі, распрацаваная мастакамі УНОВІС, выкарыстоўваецца да гэтага часу. Па ёй будучых мастакоў навучаюць у Францыі, Германіі, Польшчы, Венгрыі.
Маючая адбыцца арт-акцыя, па словах Валянціны Кірылавай, будзе сімвалізаваць пераход ад часу забыцця да эпохі тварэння. У праграме прадугледжаны перформанс, дэманстрацыя фільмаў аб творчасці мастакоў-авангардыстаў. Апафеозам усяго дзеяння стане яркае святло, якое роўна апоўначы загарыцца ў вокнах былога вучылішча.
Папярэднічаць акцыі будуць навуковыя чытанні "Віцебск.УНОВІС.Сучаснасць" і адкрыццё выставы сучаснага мастацтва "Арт-крэсла".-0-