Асноўная праца па падрыхтоўцы да правядзення XXII "Славянскага базару" завершана - Тозік
Асноўная праца па падрыхтоўцы да правядзення XXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" завершана. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Тозік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння ў Віцебску адбылося фактычна заключнае пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы форуму. "У адрозненне ад папярэдніх яно было вельмі кароткім. Мы зрабілі яшчэ некалькі акцэнтаў, а ў цэлым асноўная праца па падрыхтоўцы фестывалю завершана. Усё, аб чым мы дамаўляліся раней, Віцебскі аблвыканкам, гарвыканкам, дырэкцыя фестывалю зрабілі практычна ў поўным аб'ёме", - з задавальненнем канстатаваў Анатоль Тозік.
Віцэ-прэм'ер выказаў надзею, што сёлета "Славянскі базар" набудзе новы аблік, будзе больш дынамічным. "Мяркую, што вельмі цікавым для ўсіх стане канцэрт адкрыцця, на якім выкарыстана шмат навацый. Будзе ўзмоцнены моладзевы кампанент. У межах фестывалю пройдзе тэатральны праект, больш актыўна будуць удзельнічаць народныя майстры", - адзначыў Анатоль Тозік.
Пра якасць падрыхтоўкі мерапрыемстваў можна меркаваць па прададзеных білетах. Па апошніх даных, іх ужо раскуплена каля 84%, дадаў намеснік прэм'ер-міністра.
ХХІІ Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 11 па 15 ліпеня. Форум з'яўляецца адной з найважнейшых культурных падзей, якія фінансуюцца з бюджэту Саюзнай дзяржавы.