Асноўныя мерапрыемствы з нагоды юбілею У.Караткевіча пройдуць у Воршы ў дзень нараджэння пісьменніка
25 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Асноўныя мерапрыемствы з нагоды юбілею Уладзіміра Караткевіча пройдуць у Оршы 26 лістапада, у дзень нараджэння пісьменніка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршанскага раёна Ірына Варанова.
Адкрыецца гэты дзень паніхідай аб знакамітым земляку ў царкве Святога Леаніда. Затым традыцыйна ў дзіцячым парку горада каля помніка Уладзіміру Караткевічу збяруцца на літаратурныя чытанні прыхільнікі яго творчасці, беларускія паэты і пісьменнікі з усіх рэгіёнаў краіны. На свяце прагучаць урыўкі з найбольш вядомых твораў пісьменніка, вершы. Важнай падзеяй дня стане цырымонія спецыяльнага гашэння паштовага канверта і маркі спецыяльным штэмпелем першага дня з удзелам міністра культуры Паўла Латушкі. Права зрабіць першы адбітак будзе прадастаўлена пляменніцы Уладзіміра Караткевіча Алене Сінькевіч.
У гарадскім музеі імя пісьменніка адкрыецца двухдзённая міжнародная канферэнцыя "Уладзімір Караткевіч - глабальны погляд", у якой возьмуць удзел больш за 40 даследчыкаў жыцця і творчасці Караткевіча, у тым ліку Адам Мальдзіс і Анатоль Верабей. Таксама чакаюцца госці з Польшчы і Украіны. Цікавасць прыхільнікаў выкліча і прэзентацыя падарункавага выдання аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха" на беларускай, рускай, украінскай і англійскай мовах, выпушчанага пры падтрымцы Беларускага фонду культуры і Мінкультуры.
Наступныя дні таксама будуць адзначаны шэрагам падзей. Так, пройдуць вечаровыя канцэрты, адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў абласной прэміі імя Уладзіміра Караткевіча, прэзентацыя перавыдадзенай кнігі казак "Лебядзіны скіт" з ілюстрацыямі аршанскага мастака Мікалая Купавы.
У межах Тыдня памяці Уладзіміра Караткевіча з 22 па 28 лістапада, прысвечанага 80-годдзю з дня нараджэння пісьменніка, штодня ў эфіры аршанскага радыё гучаць перадачы "Пяць хвілін з Уладзімірам Караткевічам". Ужо праведзены цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў гарадскіх паэтычных і мастацкіх конкурсаў, віктарын, прысвечаных творчасці знакамітага земляка, адкрыліся прэзентацыі кніг і выстаў. 25 лістапада ў Оршы адкрылася абноўленая экспазіцыя музея сярэдняй школы №3, якая першай у Беларусі пачала працу па ўвекавечанні памяці Уладзіміра Караткевіча, а таксама адбыўся паказ спектакля "Ладдзя роспачы" трупай Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа. Дэманстрацыя гэтай пастаноўкі была адноўлена коласаўцамі 5 лістапада спецыяльна да юбілею пісьменніка.
Уладзімір Караткевіч стаў першым беларускім пісьменнікам, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыва. За раман "Чорны замак Альшанскі" ён удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа. З'яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі СП БССР імя Івана Мележа за раман "Нельга забыць", адзначаны ордэнам Дружбы народаў. Творы аўтара адрозніваюцца яркімі вобразамі, захапляльным дынамічным сюжэтам. За майстэрства напісання і глыбіню праграмнымі для вывучэння ў школе сталі "Каласы пад сярпом тваім", "Дзікае паляванне караля Стаха", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", "Сівая легенда". Многія творы Уладзіміра Караткевіча атрымалі другое жыццё ў кінематографе.-0-