Асаблівасць "Славянскага базару" - разнастайнасць непадобных адзін на аднаго праектаў - амбасадар Украіны

11 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Яркая асаблівасць міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" - разнастайнасць непадобных адзін на аднаго праектаў. Такое меркаванне выказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню Украіны на форуме, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Фестываль "Славянскі базар у Віцебску" шмат значыць для нас, бо Украіна - адна з "маці" гэтага праекта", - падкрэсліў дыпламат. Таму ўкраінскі бок не толькі накіроўвае адну з самых шматлікіх на форуме дэлегацый, але і пастаянна спрабуе нечым здзівіць. Напрыклад, адметнай рысай правядзення Дзён Украіны ў апошнія гады сталі сольныя канцэрты. У мінулым годзе феерычнае шоў на фестывалі прадставіла папулярная спявачка Руслана, а сёння на сцэне Летняга амфітэатра ў поўным складзе (150 чалавек) выступіць Нацыянальны заслужаны акадэмічны ансамбль танца Украіны ім. П.Вірскага, які здабыў сусветную вядомасць. Менавіта такое спалучэнне розных праектаў і ідэй робіць віцебскі фестываль асаблівым, упэўнены Ігар Ліхавы.-0-