Астанкі 22 чырвонаармейцаў перапахаваныя ў Лёзненскім раёне

Астанкі 22 воінаў Чырвонай Арміі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, перапахаваны сёння ў Лёзненскім раёне на брацкіх могілках аграгарадку Бабінавічы, паведамілі ў Бабінавіцкім сельсавеце.

Астанкі былі падняты з зямлі ў выніку правядзення пошукавых работ вайскоўцамі 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна ў раёне вёсак Касцеева і Рублёва Бабінавіцкага сельсавета ў кастрычніку бягучага года. Тут жа быў знойдзены і медальён, які дапамог усталяваць імя аднаго з загінулых герояў - у кастрычніцкіх баях 1943 года ў гэтых мясцінах загінуў Баеў Аляксандр Васільевіч 1899 года нараджэння (сяржант, камандзір аддзялення). Праца па ўсталяванні імёнаў астатніх воінаў працягваецца. Астанкі чырвонаармейцаў з воінскімі ўшанаваннямі былі перададзены зямлі. У урачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовых органаў улады, працоўных калектываў, ветэранскіх і моладзевых арганізацый, духавенства, школьнікі, мясцовыя жыхары і інш. На брацкіх могілках у Бабінавічах спачывае прах больш за 2 тыс. чырвонаармейцаў, папярэдняе перапахаванне тут адбылося восенню 2009 года - зямлі былі перададзены астанкі 85 воінаў Чырвонай Арміі.

Алена Ціханава, БЕЛТА.