Астанкі 65 мірных жыхароў, расстраляных у 1942 годзе, пахавалі ў Бешанковіцкім раёне
Астанкі ахвяр генацыду — мірных жыхароў — мінулым летам выявіла следчая група Генеральнай пракуратуры. Раскопкі вялі на месцы пахавання — у лясным масіве непадалёк ад вёсак Слабада і Бартнікі Бешанковіцкага раёна. Вынікі экспертызы паказалі, што знойдзеныя астанкі належаць як мінімум 65 чалавекам, сярод якіх 4 жанчыны. Усе целы знаходзіліся ў расстрэльнай яме ў некалькі радоў. Аб тым, што людзі былі забітыя ў розны час, сведчыць прысыпаная над кожным пластом астанкаў зямля. У гады акупацыі падчас Вялікай Айчыннай вайны захопнікі распраўляліся з мірнымі жыхарамі ў лясах, дзе і закопвалі ў ямы.
Гэту лакацыю ў Бешанковіцкім раёне ўстанавілі падчас расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе. Спецыялісты прааналізавалі даныя ад мясцовых жыхароў і архіўныя звесткі, некаторыя з іх паступілі з Дзяржаўнага архіва Расіі. У дакуменце за 1945 год гаварылася аб расстрэле ў 1942 годзе ва ўрочышчы Лісіныя норы 365 мірных грамадзян і пахаванні іх побач з вёскай Слабада.
Разам з астанкамі расстраляных людзей знойдзены фрагменты абутку, грабянцоў, гузікі, патроны і гільзы. Некаторыя з іх на донцы прамаркіраваны штампамі 1938 года і эмблемай SS у выглядзе дзвюх характэрных маланкаў. Паводле дадзеных пракуратуры, усяго за гады гітлераўскай акупацыі ў Бешанковіцкім раёне былі забітыя больш за 10 тыс. мірных жыхароў, каля 2 тыс. - выкрадзеныя ў рабства. Заваёўнікі цалкам або часткова спалілі больш за 100 населеных пунктаў у раёне, некаторыя з вёсак пасля вайны так і не былі адноўлены.
"У ходзе расследавання крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа высвятляюцца новыя факты здзяйснення злачынстваў фашыстамі, іх прыспешнікамі, паліцаямі і іншымі калабарантамі супраць насельніцтва нашай краіны. З небыцця дастаюцца новыя факты, новыя ахвяры, - адзначыў намеснік генеральнага пракурора Сяргей Хмарук. - У архівах Расійскай Федэрацыі знойдзены больш дакладныя звесткі аб факце знішчэння жыхароў у гэтым месцы. І атрымалася, што акрамя паказанняў людзей, якія ў ходзе допытаў распавялі аб гэтым выпадку, былі атрыманы дакументальныя сведчанні. Нашы людзі, якія загінулі ад рук фашыстаў, былі мірнымі жыхарамі, выконвалі сваю жыццёвую місію, а загінулі, як салдаты".
Намеснік генпракурора падкрэсліў, што праца па ўстанаўленні фактаў генацыду беларускага народа была пачата Генеральнай пракуратурай і працягваецца ва ўзаемадзеянні з праваахоўнымі органамі Расійскай Федэрацыі. "Зімовыя ўмовы не дазваляюць праводзіць раскопкі, яны прыпынены, але будуць адноўлены вясной наступнага года. А зімовы час будзе выкарыстаны для аналізу атрыманай інфармацыі, назапашвання новых матэрыялаў. Ужо ўстаноўлена больш за 10 тыс. населеных пунктаў, дзе былі знішчаны нашы людзі. Існуе інтэрактыўная карта, дзе нанесены і працягваюць наносіцца населеныя пункты, дзе знішчаліся людзі, якія пражывалі на тэрыторыі Беларусі", - дадаў ён.
У жалобнай цырымоніі прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта - інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, кіраўніцтва Бешанковіцкага раёна, прадстаўнікі пракуратуры, грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў і школьнікі.
"БЕЛТА"