Астанкі 70 чырвонаармейцаў перапахаваныя ў Віцебскім раёне
Астанкі 70 воінаў Чырвонай Арміі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, перапахаваныя ў Віцебскім раёне на воінскім мемарыяле аграгарадку Копці.
Астанкі 69 чырвонаармейцаў былі знойдзены ў выніку правядзення пошукавых работ вайскоўцамі 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна сумесна з Маскоўскай абласной грамадскай арганізацыяй "Дабрачынны ваенна-гістарычны пошукавы клуб "Памяць і прымірэнне" у наваколлі населеных пунктаў Макарова Шапечынскага сельсавета і Маклакі Акцябрскага сельсавета. Устаноўлены імёны некалькіх загінулых герояў, у тым ліку Малакова Нурмухамеда (снайпер) і Крывапустава Яфіма Міхайлавіча (камандзір кулямётнага ўзвода).
Праца па ўсталяванні імёнаў астатніх воінаў працягваецца. Акрамя гэтага, сёння на воінскім мемарыяле аграгарадку Копці перапахаваныя астанкі ўраджэнца Віцебскага раёна Сталяранкі Сяргея Арцёмавіча, які доўгі час лічыўся прапаўшым без вестак. Яго астанкі выяўлены пры правядзенні пошукавых работ у Новазаржэўскім раёне Пскоўскай вобласці.
На перапахаванні прысутнічалі сваякі загінулага героя - стрыечныя сёстры і пляменніца. Перапахаванню папярэднічаў выступ хору чытальнікаў Копцянскай сярэдняй школы і ўрачысты мітынг. У жалобнай цырымоніі ўзялі ўдзел прадстаўнікі райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, беларускія і расійскія пошукавікі, ветэраны, прадстаўнікі працоўных калектываў, школьнікі, грамадскасць, мясцовыя жыхары.
Пасля завяршэння жалобнай цырымоніі яе ўдзельнікі наведалі музей Копцянскай школы, а ў мясцовым доме культуры запланаваны канцэрт патрыятычнай песні "Подзвігу жывы ў стагоддзях" з удзелам творчых калектываў Віцебскага раёна, лаўрэата міжнародных конкурсаў ансамбля "Казачы Дзюк" (Масква) і вакаліста Валерыя Кузьміна (Масква).
Алена Ціханава, БЕЛТА.