Астанкі дзесяці воінаў перапахаваныя ў Лёзненскім раёне

Урачыстая цырымонія перапахавання савецкіх воінаў адбылася сёння ў Лёзненскім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у Лёзненскім райвыканкаме.

Астанкі дзесяці чалавек былі знойдзены ў красавіку ў раёне моста праз раку Замошша пры правядзенні рамонту дарогі Віцебск - Ліозна - мяжа РФ. "Знойдзеныя разам з імі нумарны значок "Выдатнік РСЧА" і ромб, а таксама іншыя ўскосныя даныя сведчаць, што загінулыя з'яўляліся савецкімі воінамі", - распавялі ў райвыканкаме.

Сёння астанкі салдат былі ўрачыста перапахаваны на Цэнтральных воінскіх пахаваннях у райцэнтры. У мерапрыемстве, якое прайшло ў рамках святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовых органаў улады, моладзі, грамадскіх арганізацый, 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады УС Беларусі.

Да Дня Перамогі ў раёне прымеркавана таксама адкрыццё 8 мая на будынку Лёзненскага раённага ваенна-гістарычнага музея дошкі, прысвечанай памяці жыхароў Лёзненшчыны ваеннага пакалення ад удзячных нашчадкаў. Сродкі на яе адкрыццё былі сабраны мясцовымі жыхарамі, ініцыятарам жа выступіла мясцовы краязнавец, захавальнік музея сярэдняй школы №1 г.п.Лёзна Ніна Ціхамірава. У гэтым годзе за значныя поспехі ў патрыятычным выхаванні моладзі яна была занесена на раённую Дошку гонару.

Асноўныя масавыя мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі пройдуць у раёне 9 мая. У гэты дзень адбудуцца ўрачыстае шэсце і мітынг, будуць працаваць тэматычныя выставы, пройдуць канцэрты, народныя гулянні.

Вольга Багачова