Астанкі лётчыка з Бешанковіцкага раёна, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, урачыста перадалі дэлегацыі Беларусі ў Геленджыку

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае перадачы астанкаў малодшага лейтэнанта Сцяпана Сямёнавіча Каваленкі, ураджэнца Бешанковіцкага раёна, прайшло ў Геленджыку. Падрабязнасці прыводзіць тэлеграм-канал "Віцебская вобласць. Афіцыйна".

Старшы пілот не вярнуўся з баявога задання ў лютым 1943 года.

Пры правядзенні пошукавых работ Асацыяцыяй пошукавых атрадаў «Кубаньпоиск» у 2021 г. непадалёк ад Геленджыка былі знойдзены абломкі савецкага знішчальніка І-16 і астанкі пілота. Удалося высветліць, што астанкі належаць малодшаму лейтэнанту Каваленку С.С. Летам 2022 г. былі знойдзены сваякі лётчыка, якія выказалі жаданне аб яго перапахаванні.

Беларускую дэлегацыю ўзначаліў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў. У Геленджык таксама прыбылі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Хрол і старшыня Бешанковіцкага райвыканкама Галіна Унуковіч.