Астанкі адзінаццаці савецкіх воінаў будуць перапахаваныя сёння ў Дубровенскім раёне
18 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Цырымонія перапахавання астанкаў 11 воінаў Савецкай Арміі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пройдзе сёння ў Дубровенскім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы райвыканкама.
Астанкі былі выяўленыя вайскоўцамі 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Беларусі. Па захаваных фрагментах абмундзіравання і зброі ўстаноўлена прыналежнасць загінулых да савецкіх Узброеных Сіл. На жаль, асобы загінулых так і застануцца невядомымі.
Дзевяць байцоў загінулі ў баях непадалёк ад вёскі Рылянкі. Іх астанкі будуць перапахаваны ў брацкай магіле Мемарыяльнага комплексу "Рылянкі", дзе пахаваны каля 10 тыс. воінаў Савецкай Арміі.
Астанкі яшчэ двух загінулых выяўлены ў фрагментах самалёта Іл-2, якія знойдзены ў адным з балот непадалёк ад вёскі Зарубы. Лётчыкі будуць перапахаваны ў брацкай магіле каля гэтага населенага пункта.-0-