Астанкі загінулых у гады вайны мірных жыхароў пахавалі ва Ушацкім раёне
На грамадзянскіх могілках вёскі Роўбы Ушацкага раёна пахаваны астанкі мірных жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Косці ахвяр знайшлі ў жніўні падчас пошукавых работ каля вёскі Забароўе, якія праводзілі па крымінальнай справе аб генацыдзе часоў вайны. Баец 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна дастаў астанкі прыблізна 8 чалавек. Гэтыя людзі загінулі падчас карнай аперацыі ў маі 1944 года.
Полацка-Лепельская партызанская зона была адной з самых буйных у БССР і ахоплівала ўвесь Ушацкі, часткі Полацкага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Лепельскага, Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў. Штаб партызанскага злучэння знаходзіўся ва Ушачах. На гэтай тэрыторыі размяшчалася больш за 1,2 тыс. населеных пунктаў, дзе пражывала каля 80 тыс. чалавек. Акупанты спрабавалі ачысціць свае тылы ад партызан і ўвесну 1944 года правялі вялікую карную аперацыю, 25 сутак ішлі цяжкія баі. У ноч з 4 на 5 мая партызаны ажыццявілі прарыў вогненнага кальца, разам з імі змаглі вызваліцца і больш за 15 тыс. мірных жыхароў.
– Гады праходзяць. Але памяць беларускага народа беражліва захоўваецца нашчадкамі. Наша задача застаецца нязменнай – захаваць праўдзівую хроніку падзей Вялікай Айчыннай вайны, шанаваць памяць загінулых абаронцаў Айчыны і мірных ахвяр, перадаваць гераічную спадчыну нашым будучым пакаленням, – падкрэсліў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў.