Астанкі ахвяр Вялікай Айчыннай вайны пахавалі ў Гарадку
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў і пракурор Віцебскай вобласці старшы саветнік юстыцыі Ігар Украінец прынялі ўдзел у жалобнай цырымоніі пахавання астанкаў ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ў Гарадку.



Мерапрыемства прайшло на Пантэоне памяці ва ўрочышчы Вараб'ёвы горы. Там перапахавалі астанкі 16 чалавек, якіх выявілі падчас пошукавых работ у жніўні бягучага года вайскоўцы 2-й спецыялізаванай роты в/ч №28443. Раскопкі вяліся ў межах расследавання крымінальнай справы, узбуджанай па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вывучыўшы архіўныя дакументы, спецыялісты выявілі раней неўлічанае месца знішчэння мірнага насельніцтва побач з адным з яроў у прыгарадзе Гарадка. На жаль, устанавіць імёны загінулых не ўдалося.






