Спынкі ў выглядзе гіганцкіх лічбаў 101 і 112 з'явяцца ў Віцебску
У Віцебску ў ліпені ўсталююць новыя прыпынкі грамадскага транспарту ў выглядзе вялізных лічбаў 101 і 112. Праект новых арт-аб'ектаў сёння журналістам на брыфінгу напярэдадні Дня пажарнай службы, які адзначаецца 25 ліпеня, прадставіў начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Мелешкін.
Прыпынкі ў выглядзе гіганцкіх лічбаў з'явяцца на маршруце тралейбуса №1 на вул.Б.Хмяльніцкага - зараз гэта пункты "Плошча Перамогі" і "Паліклініка №4". Неўзабаве іх пераймянуюць у "Упраўленне МНС", а замест звыклых лавак з дахам там усталююць функцыянальныя арт-аб'екты. Гэта будуць лічбы 101 і 112 з дахам. Уся канструкцыя зойме больш за 3 м у вышыню і каля 6 м у даўжыню. Пахваліцца падобнымі праектамі пакуль не можа ніводны іншы беларускі горад.
"Мы ствараем арт-аб'ект, які пастаянна будзе нагадваць жыхарам і гасцям Віцебска ў гульнявой прывабнай форме нумары, куды трэба звяртацца ў выпадку небяспечнай сітуацыі. Людзі будуць фатаграфавацца на фоне лічбаў, і ў іх будзе заставацца гэта напамін", - адзначыў Сяргей Мелешкін. Паводле яго слоў, вырабляюць прыпынкі самі ратавальнікі ў вытворча-тэхнічным цэнтры абласнога ўпраўлення. Дрэва для канструкцый бязвыплатна далі ляснікі.
"Мы пастараемся ўсталяваць гэтыя прыпынкі да адкрыцця сёлетняга "Славянскага базару", - заключыў начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС.
"БЕЛТА", фота "Віцебскія весці"