Астаткі Мікалаеўскага сабора ў Віцебску ўключаны ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі
4 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Рэшткі падмурка Свята-Мікалаеўскага сабора ў Віцебску ўключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Рашэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры замацавана пастановай Савета Міністраў Беларусі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў.
Храм, узведзены ў XVIII-XIX стагоддзях і разбураны ў 1956 годзе, гарадскія ўлады маюць намер узнавіць. Як паведаміў першы намеснік дырэктара Упраўлення капітальнага будаўніцтва Віцебскай вобласці Аляксандр Жарцоў, фінансавая падтрымка гэтаму праекту будзе аказана з абласнога бюджэту. На дадзены момант гатовы эскізны праект храма, пры выкананні якога архітэктары абапіраліся на старадаўнія чарцяжы і дакументы. Пачынаецца праца над архітэктурным і будаўнічым праектамі.
Узнаўленне Свята-Мікалаеўскага сабора будзе спрыяць вяртанню Віцебску яго непаўторнага старадаўняга аблічча і зробіць горад яшчэ больш прывабным для турыстаў.
Каменны храм пачалі будаваць яшчэ езуіты ў пачатку XVIII стагоддзя. Месца ў цэнтры горада было выбрана імі не выпадкова: пачынаючы з XII стагоддзя тут будаваліся драўляныя праваслаўныя цэрквы. У 1843 годзе храм быў перабудаваны і стаў называцца Свята-Мікалаеўскім кафедральным саборам. У канцы XIX стагоддзя плошча перад ім стала называцца Саборнай. Цяпер гэта плошча Свабоды. Тэрыторыя з'яўляецца гістарычнай зонай.
Мікалаеўскі храм - не адзіная адраджаемая гісторыка-культурная каштоўнасць у абласным цэнтры. Сёлета ў сваім першапачатковым абліччы аднавілася Свята-Узнясенская царква, завяршаюцца работы ў Свята-Успенскім кафедральным саборы - адным з найпрыгажэйшых помнікаў дойлідства XVIII-XIX стагоддзяў.
У дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны ўнесена 885 аб'ектаў нерухомасці Віцебскай вобласці, з іх 279 - помнікі архітэктуры.-0-