"Асвейскі - Чырвоны Бор" стаў першым у Беларусі нацыянальным біясферным рэзерватам

Першы ў Беларусі нацыянальны біясферны рэзерват з'явіўся ў Віцебскай вобласці, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў Віцебскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя намеснік начальніка аддзела камітэта Васіль Кірпічонак.

 

"У нашай вобласці ўтварыўся біясферны рэзерват "Асвейскі - Чырвоны Бор" - першы і пакуль адзіны ў рэспубліцы. Адпаведнае рашэнне аблвыканкама прайшло ўсе экспертызы і ўзгадненні ў Мінску і было апублікавана літаральна на днях. Два заказнікі - "Асвейскі" і "Чырвоны Бор" аб'ядналіся для вырашэння пытання аб нацыянальнай экалагічнай сетцы. На будучыню прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні нацыянальнага біясфернага трансгранічнага рэзервату на базе нашага новага ўтварэння і нацыянальнага парку Расійскай Федэрацыі "Себежскі". У будучыні трансгранічны рэзерват увойдзе ў Смарагдавую экалагічную сетку Еўропы", - растлумачыў Васіль Кірпічонак.

 

Ён дадаў, што прыродныя комплексы біясфернага рэзервату маюць важнае значэнне для захавання біялагічнай разнастайнасці. Яны складаюць адзіны водна-балотны комплекс,які ўключае азёры, ўвільготненыя лясы, пераходныя і верхавыя балоты. Біясферны рэзерват "Асвейскі - Чырвоны Бор" размешчаны на шляху міграцыі птушак і з'яўляецца месцам іх масавага гняздзіравання. Яго тэрыторыя забяспечвае магчымасці для вывучэння і дэманстрацыі падыходаў да ўстойлівага развіцця ў рэгіянальным маштабе.

 

 "Акрамя таго, статус рэзервата адкрывае больш магчымасцей для мясцовага насельніцтва, яго занятасці - збору ягад і іншых прыродных багаццяў, вытворчасці экалагічнай прадукцыі, вядзення турыстычнай дзейнасці, будаўніцтва", - дадаў Васіль Кірпічонак. У цэлым жа, па яго словах, на пачатак 2016 года ў вобласці функцыянавала 327 асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ) рэспубліканскага і мясцовага значэння на агульнай плошчы 381 тыс. га, што складае 9,5% ад плошчы рэгіёна. Але 26 студзеня да 76 помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння дадаліся яшчэ 10. "Мінпрыроды аб'явіла шэраг біятопаў (вадатокі і крыніцы) і прылеглыя тэрыторыі новымі гідралагічнымі помнікамі прыроды на падставе навукова-даследчых работ НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах у 6 раёнах вобласці. Гэта "Друйскі", "Генава гара", "Сар'я" і "Коханавічы", "Млынок" і "Рэчныя", "Стайкі", "Грамякі", - адзначыў намеснік начальніка аддзела. У бягучым годзе работа па абследаванні ААПТ мясцовага значэння будзе праводзіцца ў Бешанковіцкім, Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Глыбоцкім і Шумілінскім раёнах.

Кацярына Князева, БЕЛТА.