Асвятленне на вуліцах Полацка стане энергаэфектыўным
Асвятленне на вуліцах Полацка стане энергаэфектыўным. Пра гэта паведаміла журналістам кіраўнік групы па ўстойлівым энергетычным развіцці Полацка Анастасія Адамовіч. Яна прымае ўдзел у інфармацыйнай сустрэчы "Уклад ЕС у палітыку па росце энергаэфектыўнасці і прасоўванні аднаўляльных крыніц энергіі ў Беларусі: прэзентацыя новых праектаў", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Анастасія Адамовіч прадставіла еўрапейскі праект "PubLiCity: Энергаэфектыўная мадэрнізацыя гарадскога асвятлення", які дазволіць гораду знізіць выкіды CO2, паменшыць спажыванне электраэнергіі, стаць больш зручным для саміх палачан і больш прывабным для шматлікіх турыстаў.
На працягу чатырох гадоў працы над праектам на 16 полацкіх вуліцах і праспектах будуць устаноўлены 900 энергаэфектыўных лямпаў, а для падсветкі 44 будынкаў і помнікаў - каля 1000 дэкаратыўных лямпаў з мінімальным расходам электраэнергіі. Каб яшчэ больш аптымізаваць яе спажыванне, у Полацку з'явяцца 56 шафаў аўтаномнага кіравання асвятленнем: гэтыя прылады будуць рэгуляваць працу гарадскіх ліхтароў у залежнасці ад часу сутак на 63% тэрыторыі полацкіх вуліц. Бюджэт усяго праекта складзе 1,6 млн еўра, уклад ЕС - 1,3 млн еўра, пры гэтым больш за 1 млн еўра будзе выдаткавана на закупку энергаэфектыўнага абсталявання.
"Праект будзе рэалізаваны да 2019 года. Прыблізна з 2018 года пачынаем маніторынг. Будзем адсочваць, наколькі эфектыўнай будзе яго рэалізацыя", - сказала Анастасія Адамовіч.