Ад апетытных булачак да ламінаваных дзвярэй. Як развіваецца прадпрымальніцтва ў Чашніцкім раёне?
У мінулым годзе ЧТУП «ЛіВіСі» адкрыла ў Чашніках першую міні-кандытарскую. Прадукцыя так спадабалася пакупнікам, што сёлета ў райцэнтры з'явілася другое такое ж прадпрыемства. На сучасным абсталяванні выпускаецца пяць відаў хлеба, у тым ліку з вотруб'ем для здаровага харчавання, а таксама шырокі асартымент здобных кандытарскіх вырабаў. Булачкі, палоскі, смятаннікі, сырныя ляпёшкі, тарты і пірожныя — усё гэта хутка раскупляецца ў харчовых крамах.
– Розныя прысмакі для жыхароў і гасцей горада выпякае кандытар з 20-гадовым стажам Аляксандра Мурашка, — расказала дырэктар малога прадпрыемства Ларыса Храпская. – Яна мама траіх дзяцей, якая прывыкла радаваць сваіх блізкіх выдатнай выпечкай. Напэўна, таму ў нас усё сытна, карысна і па-хатняму смачна. Выконваем нямала індывідуальных заказаў – да імянін, юбілеяў, вяселляў, іншых памятных падзей. Пакупнікі застаюцца задаволены.
Створаны тут і новыя працоўныя месцы. Усё гэта, падкрэслівае Ларыса Аляксееўна, дзякуючы падтрымцы, якую аказвае мясцовая ўлада.
– Мы дапамагаем прадстаўнікам малога бізнесу ў выбары прыярытэтных напрамкаў дзейнасці, пошуку патэнцыйных партнёраў, рынкаў сыравіны і збыту, працоўных рэсурсаў, аказваем юрыдычныя і іншыя кансультацыі, — пацвердзіў намеснік старшыні Чашніцкага райвыканкама Аляксандр Сівашэнка. – За мінулую пяцігодку і першае паўгоддзе гэтага года колькасць суб'ектаў малога прадпрымальніцтва ў раёне павялічылася на 43,4%. Сёння гэта 185 арганізацый і 475 ІП. За ўказаны час 13 прамысловых прадпрыемстваў наладзілі выпуск электрарухавікоў, інтэр'ерных карцін, вырабаў з дроту, алюмініевых раз'ёмных балконных рам, цвікоў, анкерных і іншых вырабаў, якія
востребованы на мясцовым рынку і за мяжой. Да прыкладу, 90% прадукцыі ТАА «Электрасталь» адгружаецца на экспарт. У вытворчым арсенале ТАА «ПортМан» звыш 60% складае інавацыйная прадукцыя, ужо добра вядомая ў Латвіі, Літве, Украіне. Цяпер да гэтых рэгіёнаў дадаліся Азербайджан, Таджыкістан, Аман.Ствараюцца новыя вытворчасці. Так, у аграгарадку Лукомль, у невыкарыстоўваемым памяшканні былога пральнікамбіната, перададзеным рашэннем райвыканкама ва ўласнасць ППТУП «Прамкомплектцэнтр», арганізаваны цэхі па выпуску канструкцый з алюмінія.
У Чашніках і Навалукомлі адкрыліся новыя гандлёвыя прадпрыемствы – «Навасёлаў», «Планета Тэхна», «Міг» і іншыя.
У гэтым годзе зарэгістравана чатыры юрыдычных асобы: тры з іх – сялянска-фермерскія гаспадаркі, якія будуць займацца вытворчасцю сельгаспрадукцыі, а ТАА «Тагма-С» мае намер выпускаць тэкстыльныя арганізатары.
Дзякуючы такой актыўнай працы ў гэтым годзе ў раёне створана 47 новых працоўных месцаў, з іх 14 – на новых прадпрыемствах.
У малым бізнесе на Чашніччыне задзейнічана амаль 13% работнікаў, занятых у эканоміцы раёна. На яго долю прыпадае 22,6% прамысловай прадукцыі, якая выпускаецца, больш за 58% рознічнага тавараабароту, 70,7% экспарту тавараў (за межы краіны з пачатку года іх адгружана на 5,7 млн долараў) і 98,5% экспарту паслуг. Удзельная вага суб'ектаў малога бізнесу ў кансалідаваным бюджэце за 2015 год склала 29,8%.
Алена Целятка, фота аўтара. «Віцебскія весці».