Ад капрамонту да льготнага крэдытавання: Анатоль Ліневіч правёў прыём грамадзян і «прамую лінію» ў Бешанковічах
Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч правёў прыём грамадзян і «прамую тэлефонную лінію» ў Бешанковічах. Частку зваротаў ён узяў на асабісты кантроль. На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады.
Першым патэлефанаваў жыхар вёскі Дубкі. Ён занепакоены, што ў населены пункт перастане пад'язджаць аўталаўка з-за дрэннай дарогі. Пра гэта яму сказала прадавец. Як паведаміў старшыня раённага Савета дэпутатаў Генадзь Шведаў, рэжым прыезду аўталаўкі не змяняўся, дарога перыядычна падсыпаецца, каб машына магла даехаць. «Інфармуйце пра гэта насельніцтва, каб людзі не казалі, што вы нічога не робіце», – адзначыў Анатоль Ліневіч.
Аналагічная сітуацыя з несвоечасовай інфармаванасцю людзей адбылася ў вёсцы Малыя Галыні. Яе жыхарка патэлефанавала Памочніку Прэзідэнта, каб удакладніць, ці дзейнічаюць зніжкі 10% на харчовыя тавары для пенсіянераў. «Неабходна, каб прадаўцы праводзілі тлумачальную працу з людзьмі», – даў даручэнне Анатоль Ліневіч.

Наступны званок быў з Полацка. Звярнулася жанчына з нагоды кватэры яе бацькоў, якія жывуць у Бешанковічах. Яна паскардзілася на недастатковае ацяпленне. Як паабяцаў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Грышан, сёлета будзе рэканструкцыя ўчастка цеплатрасы і ў людзей з'явіцца цяпло. «Дадзеная сітуацыя будзе на маім асабістым кантролі, гэту праблему неабходна абавязкова ўстараніць, – сказаў Анатоль Ліневіч. – Акрамя гэтага, надалей праз СМІ неабходна інфармаваць насельніцтва пра тое, якія работы на дадзены момант вядуцца ў населеных пунктах раёна».

На асабісты прыём да Памочніка Прэзідэнта прыйшла 23-гадовая жыхарка Бешанковіч. Яна расказала пра сваю няпростую сітуацыю: «Я – шматдзетная маці, у мяне трое дзяцей. Жывем у аднапакаёвай кватэры мужа, якую ён набыў у крэдыт. Пасля нараджэння двайнят мы сталі на чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў. Некалькі месяцаў таму нам прапанавалі двухпакаёвую кватэру. Яе кошт 106 тысяч рублёў. З іх на 54 тысячы дзяржава выдзяляе субсідыю. Яшчэ 23,5 тысячы мы зможам аплаціць з дапамогай матчынага капіталу. За гэта вялікі дзякуй. На астатнія 28 тысяч банк прапануе крэдыт пад 25%. Але на дадзены момант два крэдыты мы не зможам аплачваць».
«Гэтае пытанне неабходна прапрацаваць з банкам, удакладніць, ці магчыма зняцце абмежавання на продаж аднапакаёвай кватэры, якую ў свой час набываў муж», – прапанаваў Анатоль Ліневіч.
Далей на тэлефонную лінію патэлефанаваў жыхар вёскі Забелле. Ён расказаў пра несумленнага суседа, зямельны ўчастак якога пастаянна зарастае травой. «У цяперашні час там стаіць сухастой. Калі ў яго выпадкова трапіць непатушаная цыгарэта, можа адбыцца пажар. Ужо звяртаўся ў сельсавет, раённы Савет дэпутатаў, але пакуль нічога не зроблена», – паскардзіўся мужчына. Анатоль Ліневіч даў указанне: навесці парадак у найбліжэйшы час.
Пра перыпетыі, звязаныя з капітальным рамонтам дома на вуліцы Маладзёжнай райцэнтра, расказалі яго жыхаркі, якія прыйшлі на асабісты прыём. «У цяперашні час ідзе замена балконаў, – паскардзілася адна з іх. – А бо ў некаторых яны добрыя, цалкам зашклёныя. Чаму мы павінны ўсё руйнаваць?». «Мы, перш за ўсё, клапоцімся пра бяспеку людзей, – падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Грышан. – Усе работы выконваюцца згодна з праектам. Падрадчык у выпадку неабходнасці можа разабраць балкон і ўсталяваць ашкленне нанова, але гэтыя работы платныя».
"Віцебскія весці"